Віцебскія ВНУ і ССНУ прыехалі на Сенненшчыну за студэнтамі

Набліжаецца  адказная пара выпускных экзаменаў, а потым і ўступных іспытаў для выпускнікоў школ. Кожны з іх стаіць на парозе самастойнага жыцця, у якім ці не галоўную ролю адыгрывае выбар прафесіі.

 Днямі ў актавай зале сярэдняй школы №2 горада была арганізавана сустрэча вучняў 11 класаў сенненскіх сярэдніх школ №1 і №2, Студзёнкаўскай і Багданаўскай школ з выкладчыкамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў.

 Пра ўмовы паступлення, тэрміны навучання, уступныя экзамены, пра  спецыяльнасці, якія можна атрымаць  ва УА «Віцебская  «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны», у Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава, Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтва, Полацкім дзяржаўным універсітэце, Аршанскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным вучылішчы №110 будаўнікоў, Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы, Ві­цебскім дзяржаўным полі­тэхнічным каледжы, аграрным каледжы УА «Віцебская  «Знак пашаны»  дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» паведамілі прадстаўнікі гэтых наву­чаль­ных устаноў.

 З дапамогай відэаролікаў адзінаццацікласнікі пазнаёміліся з тым, як наладжаны быт, арганізаваны вольны час, якія факультэты прапануюць для вывучэння ў вышэйпералічаных установах.

 З невялікай музычна-гумарыстычнай  кампазіцыяй выступілі студэнты політэхнічнага каледжа.

 Вынікі сустрэчы падвяла спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Шафранская. Алена Паўлаўна адзначыла, што любая спецыяльнасць, выбраная маладымі людзьмі, гарантуе ім перспектыўную працу і дастойны заробак.

Ларыса Мукамолава.