Пчала маленькая — даход вялікі

Мёд — каштоўны прадукт харчавання чалавека. У кветкавым мёдзе ўтрымлі­ваецца 75-80 працэнтаў вугляводаў (глюкоза, фрук­тоза і інш), арганічныя кіслоты, ферменты, мінеральныя і араматычныя рэчывы, вітаміны. Валодае ён і лячэбнымі ўласцівасцямі.

 — А хто ў раёне займаецца вытворчасцю каштоўнейшага прадукту? —з гэтага пытання пачалася наша размова з міжраённым спецыялістам першай катэгорыі па пчалярстве А.Т.Лі­січэнкам.

 — На пачатак года ў РУП “Дружбінец” было 90 пчоласем’яў, УП “Насенняводчы саўгас імя Данукалава” — 140, СВК “Бяленева” — 38, школе-інтэрнаце — 14 і Багданаўскай школе — 2 пчоласям’і. Звыш 1300 пчоласем’яў знаходзіцца ў прыватным сектары. Актыўна пчалярствам займаюцца ў Ходцаўскім, Багданаўскім, Бе­ліцкім, Нямойтаўскім і Студзёнкаўскім сельсаветах.

 Аднак у сельгасарганізацыях раёна захоўваецца тэндэнцыя скарачэння пчолапасек і пчоласем’яў. Па прычыне недастатковага кантролю з боку ўпраў­лення сельскай гаспадаркі  зменшылася пчаліная сям’я ў СВК “Бяленева”. Ёсць магчымасці займацца вы­твор­часцю мёду ў КУСГП “Полымя”, але няма адпаведнага спецыяліста. Ды і астатнія гаспадаркі могуць атрымліваць таварны мёд, тым больш, што гэты прадукт запатрабаваны на рынку.

 — Бачна, кіраўнікі сель­гасарганізацый не­даацэньваюць ролю пчол у павышэнні ўра­джай­насці многіх культур?

 — Роля пчол у павышэнні ўраджайнасці канюшыны, рапсу, донніка і іншых  энта­мафільных культур вель­мі вялікая. Аднак улік прадукцыі на пасеках па-ранейшаму вядзецца аднабока: па выхаду мёду і воску. Даход ад  апылення сельгаскультур пчоламі ўвогуле ў разлік не бярэцца, нягледзячы на тое, што ён у некалькі разоў пераўзыходзіць даход ад рэалізацыі прадуктаў пчалярства. Пчолы з’яўляюцца асноўнымі апыляльнікамі раду сельскагаспадарчых культур. І патрэба ў іх для гэтай мэты ўзрастае з кожным годам, бо пашыраюцца пасевы рапсу, грэчкі, бабовых культур. У цэлым па раёне, з улікам рэкамендаваных норм па выкарастанні меданосных пчол на апыленне азімага і яравога рапсу, канюшыны трэба мець па меншай меры звыш 14 тысяч пчоласем’яў.

 Найбольшы эфект ад апылення дасягаецца пры падвозе і размяшчэнні  высокапрадуктыўных пчоласем’яў непасрэдна  на масівы перакрыжаапыляльных раслін. У выніку чаго павышаецца ўраджайнаць на 40-60 працэнтаў, канюшыны чырвонай — больш як на 70 працэнтаў, узрастае і выхад таварнага мёду.

 — Каб атрымаць нейкую прадукцыю, трэба штосьці  ўкласці ў вы­твор­часць, справу…

 — Без труда, не вытянешь и рыбку из пруда, — так, здаецца, кажуць у наро­дзе. Для арганізацыі паўнацэннага апылення энтамафільных культур, а таксама для шматразовай перавозкі пасекі на меданосную  расліннасць неабходна мець спецыяльныя тэхнічныя сродкі. На жаль, у сельгасарганізацыях няма ні адной спецыяльнай ці прыстасаванай платформы. Транспарціроўка таксама ўскладняеца тым, што вуллі старыя і патрабуюць рамонту або замены. Набыццё іх нярэдка становіцца праблематычным з-за дэфіцыту абаротных сродкаў, якія абавязкова акупіліся б. Па гэтай прычыне вясной няма магчымасці своечасова перасадзіць пчоласем’і ў чыстыя прадэзінфіцыраваныя вул­лі.

 Іншы раз несвоечасова набываецца вашчына, што вядзе да спазнення з пашырэннем пчаліных гнёздаў штучным шляхам. Недахоп сотаў прыводзіць  лётных і маладых пчол у бяздзейны стан, у выніку чаго ўтвараецца роевае становішча. У сярэднім па раёне летась выдаткавана 366 грамаў вашчыны (3,46 ліста). Гэта не забяспечвае агульны абарот замены сушы за 4 гады. Працяглае выкарыстанне старых сотаў зніжае і выхад воску пры ператопцы су­шы. У ячэйках накопліваецца вялікая колькаць патагеннай мікрафлоры, якая выклікае захворванні: пчолы драбнеюць, сем’і слабеюць, зніжаецца іх прадуктыўнасць. Існуе і праблема здабычы воску.

 — Як спецыяліст, што вы парэкамендавалі б гаспадарнікам?

 — Самая простая рэкамендацыя — пчоламі трэба займацца. А каб рэнтабельна весці гэту галіну, неабходна мець спецыяліста. Падабраць чалавека-аматара і накіраваць яго на вучобу ў Смілавіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж. А пакуль нават СВК “Бяленева” і УП “Насенняводчы саўгас імя Данукалава” не маюць заатэхнікаў-пчаляроў.

  Адкуль не спецыялісту ведаць, што несвоечасовае (позняе) адпампоў­ванне мёду не прыгоднага для зімоўкі пчол і замена яго на цукровы сіроп прыводзіць да вялікага зносу пчол, адмоўна ўплывае на захаванасць пчол, павышае іх захваральнасць.

 Кіраўнікам гаспадарак, якія маюць пасекі, настойліва рэкамендую набываць пчоламатак ў пітомніках у неабходнай колькасці. Ад маленькай пчалы можна атрымаць вялікі даход, калі ёй займацца.

 — Якія асноўныя патрабаванні да абуладкавання пасек, у тым ліку і прыватных?

 — Пасекі размяшчаюць на сухіх, асветленых сонцам, закрытых ад вятроў месцах, не бліжэй 500 метраў ад шасейных і чыгуначных дарог,  піларам, высакавольтных ліній, за 2 кіламетры ад жывёлагадоўчых ферм. На адлегласці 5 кіламетраў не павінна быць кандытарскай і хімічнай прамысловасці, тэрыторыю стацыянарнай пасекі, у тым ліку  і прыватная, трэба абавязкова агародж­ваць плотам да двух метраў у вышыню.

 На кожную пасеку павінен быць ветэрынарна-санітарны пашпарт, дзе трэба фіксаваць санітарны стан пасекі. Пры рэалізацыі прадукцыі пчалярства неабходна выпіска ветэрынарных пасведчанняў 1-вет і 2-вет.

 Падрабязнасці можна даведацца ў пастанове Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 31 ад 4 ліпеня 2003 года “Аб зацвярджэнні Інструкцый аб мерапрыемствах па папярэджванні і ліквідацыі хвароб, атручванняў і асноўных шкоднікаў пчол на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

 З міжраённым спецыялістам першай катэгорыі па пчалярстве Аляксандрам Лісічэнкам гутарыў

Міхаіл БЯЛОЎ.