Сказаў нямецкі генерал: «Нас моцна білі пад Сянно».

 Кожны сенненец ведае, што летам 1941 года пад  Сянно адбылася адна з самых буйных танкавых бітваў за гады вайны. З двух бакоў у баі прымала ўдзел каля 1600 танкаў. У выніку вораг быў адкінуты на 40 кіламетраў назад. Аб гэтай гістарычнай падзеі верш Івана Лазукі.

А танкі йдуць

Быў сорак першы,

                год шалёны.

Ад дыму цёмны

                 быў прасцяг,

І легчы трэба йшчэ

                мільёнам,

Узняць каб пераможны

                 сцяг.

А танкі йдуць не на парад,

А ў бой, не той, як у кіно.

І зразумеў фашысці гад:

Не проста ўзяць яму

                Сянно.

Вайна здавалася

                бясконцай,

Гарэў-палаў край дарагі…

Было далёка, як да Сонца,

Яшчэ да Курскае дугі.

А танкі йдуць праз

                дзікі шквал.

Такога не было ў кіно.

І здагадаўся генерал,

Што добра ўсыплюць

                               пад Сянно.

І грукатала ўсё ваколле,

Бо танкі йшлі, нібы сцяной.

Зямля стагнала, як ад болю,

Пад ціхім горадам Сянно.

А танкі йдуць за валам вал.

Сапраўдны бой, а не ў кіно.

Сказаў нямецкі генерал:

«Нас моцна білі

                               пад Сянно».

Зямля ўзрыта не плугамі,

Счарнела ад варонак-ран,

Яна сыходзіла слязамі,

А танкі йшлі ўжо на таран.

Бой прагрымеў, нібы абвал,

І сціх, замоўк ужо даўно,

Ды не забыўся генерал,

Як яго білі пад Сянно.

Тады было ў разгары лета,

Ніяк дзень скончыцца

                 не мог.

І быў пачатак толькі гэта

Вялікіх, слаўных перамог.

Вайны ўжо сцёрліся сляды,

І салаўі пяюць адно…

Запомніў вораг назаўжды,

Што ў Беларусі ёсць Сянно!