І танк яго хуткі, і пяро трапнае.

Наш зямляк з вёскі Соіна, цяпер бабруйчанiн Аляксей Бабкоў размяняў дзявяты дзясятак, але па-ранейшаму ён баявы i напорысты, энергiя б’е цераз край. Гэта, мабыць, у Аляксея Сяргеевiча з нараджэння, але шмат дала i армейская загартоўка. Апрануў ён ваенную форму ў юным узросце: дакументы згарэлi ў вайну, таму прыбавiў пару гадоў, каб трапiць на фронт. Хлопца ахоўвалі больш вопытныя байцы. Тым не менш, яму неаднойчы давялося пабываць пад абстрэламi, у розных складаных сiтуацыях, выпрабаваць сябе на мужнасць i адвагу.

Шэсць з паловай кадравай, а потым яшчэ тры дзясяткi гадоў звыштэрмiновай службы. Быццам бы званне невысокае — прапаршчык, але Бабкоў быў генералам сваёй справы, майстрам ваджэння цяжкiх танкаў, трапнага агню. Пра яго пiсалi ў брашурах, лiстоўках. Вядомы беларускi паэт-франтавiк Пятро Прыходзька прысвяцiў яму свой верш «Ганяўся вецер, ды адстаў». Не дзiва, што Бабкоў стаў важаком моладзi, сталеў як майстар-прафесiянал i як адметная асоба. Займаў афiцэрскiя пасады: ад’ютант, старшы ад’ютант адразу ў пяцi камандуючых пятай танкавай армii, у тым лiку генерал-лейтэнантаў Салтана Магаметава i Мiхаiла Зайцава.

Аляксея заўжды вабiла журналiсцкая справа. Яго няўрымслiвай натуры хацелася занатоўваць нялёгкiя армейскiя буднi, глыбока i прадметна расказваць пра тых, хто быў разам з ім у адзiным ратным страi. Яго матэрыялы з задавальненнем друкавалi ў дывiзiённай i акруговай газеце «Во славу Родины». Мог бы i па журналiсцкай сцяжынцы пайсцi, але так i застаўся пры сваiх непасрэдных абавязках.

Аднак пiсаць працягваў. Толькi пашырыў тэматыку сваiх выступленняў, зрабiў акцэнт на расказы пра ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, сваiх баявых таварышаў. I ў гэтым сэнсе паказальным стаў нарыс пра танкiста Героя Савецкага Саюза Дзмiтрыя Тараскава, якi лiчыўся загiнуўшым. У мар’iнагорскай часцi, дзе некалi служыў герой публiкацыi, вiсеў яго партрэт у чорнай рамцы. Бабкоў пачаў шукаць iнфармацыю пра Тараскава: пiсаў у архiвы, родным, блiзкiм. Аказалася, той жывы! У баi за Чаркасы танк Тараскава прарваўся ў цэнтр горада, дзе быў падбiты… Тараскаў быў цяжка паранены, яго потым падабралi свае… Доўга ляжаў у шпiталi, а пасля, як акрыяў, яго накiравалi ў iншую вайсковую часць. Бабкоў запрасiў Тараскава ў мар’iнагорскую часць, ён выступаў перад афiцэрскiм саставам, маладымi воiнамi. Канешне, сустрэча пакiнула незабыўнае ўражанне. I вось з’явiўся нарыс «Чалавек з легенды», пiсаць, як кажуць, было з чаго!

Потым быў твор «Ля сваёй магiлы», кнiга нарысаў «Iх подзвiгi золатам гараць». А потым «выстралiў» аўтабiяграфiчнай аповесцю «Усё жыццё навiдавоку», якую «разбавiў» расказамi пра сваiх вядомых землякоў — ураджэнцаў Сенненшчыны: генерала Даватара, лётчыка Гараўца… Кнiга атрымалася ў многiх адносiнах павучальная, бо праз яе аўтар паказаў цэлы перыяд ваеннага i пасляваеннага жыцця.

Пасля дэмабiлiзацыi Аляксей Сяргеевiч больш прадметна заняўся журналiстыкай. З-пад яго пяра выйшла кнiжка пра гiсторыю 5-й гвардзейскай танкавай армii, у якой служыў, пра герояў-танкiстаў, тых, хто вызначыўся на палях бiтваў. Гэта больш за сто публiкацый, каля дзвюх соцень фотаiлюстрацый. Аўтару давялося шмат сустракацца з людзьмi, узнімаць архiўныя матэрыялы.

Своеасаблiвы працяг гэтай кнiгi — кніга «Горад на Бярэзiне памятае аб вайне», выдадзеная да 65-годдзя вызвалення горада i краiны ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. У ёй успамiны тых, хто прыняў самы непасрэдны ўдзел у аперацыi «Баграцiён». Гэта танкiст Саламон Гарэлiк, партызан Сяргей Сiкорскi, партызанская сувязная Вера Харужая. Кнiга — жывая праўда аб вайне, помнiк тым падзеям i, вядома ж, будзе добрай падтрымкай у ваенна-патрыятычным выхаваннi.

Колькасць кнiг, выдадзеных Бабковым, дасягнула дзесяцi. У планах напiсанне новых — пра Азарыцкi лагер смерцi. А нядаўна пабачыла свет новая кніга пад назвай «Расстралянае дзяцінства». Гэта расказы і ўспаміны падлеткаў, якіх апаліла вайна. Якім разам з дарослымі давялося змагацца з ненавісным ворагам.

— Я сам прайшоў праз вайну i хачу ўражаннi аб ёй данесцi да чытача, — кажа Аляксей Сяргеевiч. — Каб такое нiколi не паўтаралася.

Адзначым яшчэ, што Аляксей Бабкоў вызначыўся на нiве грамадскай дзейнасцi: адказны сакратар савета ветэранаў ЖЭУ-7 г.Бабруйска, уваходзiць у склад кiруючага органа гарадской арганiзацыi Беларускага саюза афiцэраў, з’яўляецца членам многіх іншых таварыстваў і аб’яднанняў. І няхай так патрэбная, асабліва маладому пакаленню, людзям дзейнасць доўжыцца бясконца.

Падрыхтавана на падставе

матэрыялу з газеты «Рэспубліка».