Прыёмныя бацькі Сенненшчыны за “круглым сталом” вучыліся быць роднымі

На базе ДУ «Сенненская сярэдняя школа №1 горада Сянно імя З. Азгура» прайшоў «круглы стол» для прыёмных бацькоў.

 Прысутныя абмяркоўвалі тэму як трэба выхоўваць дзяцей, каб яны раслі псіхічна здаровымі. Псіхолагі сцвярджаюць, што перш за ўсё трэба ўлічваць індывідуальныя асаблівасці. І раяць спачатку вызначыць тып тэмпераменту малыша. Не меншую ролю ў фарміраванні асобы адыгрываюць абстаноўка ў сям’і, стыль выхавання, станоўчы прыклад прыёмных бацькоў.

 Разам з Таццянай Няфёдавай, педагогам-псіхолагам ДУА «Сенненскі дзіцячы сацыяльны прытулак»,  прыёмныя бацькі шукалі выйсце са стрэсавых сітуацый. Дарослыя дзяліліся сваім жыццёвым вопытам і расказвалі, як яны змагаюцца з дэпрэсіяй. У кожнага чалавека свае метады, нехта «заядае непрыемнасці», хтосьці стараецца знайсці занятак па душы, а іншыя адпраўляюцца ў лес ці слухаюць любімую музыку.

 Падобныя «круглыя сталы» ладзяцца раз у квартал. Гэта  адна з форм работы з прыёмнымі сем’ямі. Узяць на выхаванне да сябе дзіця  — справа адказная і нялёгкая. Часам у новых тат і матуль узнікаюць праблемы, пытанні, непаразуменні з прыёмнымі дзеткамі.  Псіхолагі, супрацоўнікі аддзела адукацыі райвыканкама і сацыяльнага прытулка, каб нейкім чынам дапамагчы ім, арганізуюць розныя сустрэчы, вядуць індывідуальную работу як з дарослымі, так і з дзецьмі. 

  Інстытут прыёмных бацькоў на Сенненшчыне існуе ўжо дзесяць год. За гэты час не адзін дзясятак хлопчыкаў і дзяўчынак набылі сям’ю. Многія з іх, стаўшы дарослымі, працягваюць прыязджаць да сваіх «новых» мам і тат, якія, часам, становяцца значна бліжэй, чым біялагічныя бацькі.

 Прыёмная сям’я — гэта адна з форм уладкавання на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. У новых сем’ях малышы жывуць да заканчэння школы. А пасля  становяцца поўнасцю самастойнымі.  Як паказвае практыка, такая прафесійная форма сямейнага клопату пра дзяцей нядрэнна прыжылася ў нашым грамадстве. І колькі б дыскусій наконт гэтай тэмы не ўзнікала, статыстыка гаворыць сама за сябе: выпадкаў, калі малышы зноў вярталіся ў інтэрнаты, даволі мала.

 — Сёння ў 44 прыёмных сем’ях жывуць 70 дзяцей. З іх — 25 % дашкольнікі ва ўзросце 5-6 год, — гаворыць галоўны спецыяліст сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Рубанава.

 Работу па ўладкаванні дзяцей-сірот  ці тых, хто застаўся без апекі бацькоў, у прыёмныя сем’і  праводзяць аддзел адукацыі і сацыяльны прытулак.  Яны шукаюць патэнцыяльных прыёмных тат і матуль, вядуць з імі падрыхтоўчую работу, назіраюць за тым, як складваюцца адносіны дзетак з бацькамі. Адным словам, становяцца добрымі памочнікамі ва ўзаемаадносінах паміж дарослымі і дзецьмі.  За плённую працу ў гэтым кірунку дырэктар ДУА «Сенненскі дзіцячы сацыяльны прытулак» Дзмітрый Мяснікаў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама. 

Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымку: за «круглым сталом» прыёмныя бацькі.