Што памерзла, тое падсеем. Зіма ўнесла карэкціроўкі на сенненскіх палетках.

Больш за 70 % азімага рапсу, пасеянага грамадскімі сельгасарганізацыямі раёна, не вытрымала выпрабаванняў мінулай зімы. У ААТ «Студзёнка» загінулі ўсе пасевы гэтай культуры — 272 гектары.

 — Рапс — даволі далікатная культура. Бывае, што на  асобных участках ён дрэнна пераносіць зіму. Часцей за ўсё — вымярзае. Сёлета загінуў ад недахопу  кіслароду, — лічыць галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства Андрэй Дзедушка.

 Тым не менш у гаспадарцы  робяць усё, каб  выканаць свае абавязацельствы, узятыя перад Віцебскім маслаэкстракцыйным заводам. Узамен загінуўшага азімага рапсу сеюць яравы. Справа ў тым, што завод авансаваў  работы ў час асенняй сяўбы. Не пакінулі без дапамогі перапрацоўшчыкі гаспадарку і цяпер. ААТ «Студзёнка» атрымала неабходную колькасць насення, сродкаў аховы раслін.

 — Плануем пасеяць 140 гектараў яравога рапсу. Першыя 20 гектараў пасеялі яшчэ 23 красавіка. На палетках працуюць нашы лепшыя механізатары: Сяргей Пагарэльскі заняты на сяўбе;

 Анатоль Атрашкевіч уносіць глебавы гербіцыд рапсан, які абароніць пасевы ад  пустазелля, — дзеліцца планамі Андрэй Міхайлавіч.

 Механізатары спяшаюцца рабіць сваю справу, бо на раніцу 26 красавіка ў гаспадарцы было пасеяна 388 гектараў яравых зерневых, ці крыху больш за 40 % да плана. Да таго ж трэба яшчэ сеяць кукурузу, ушчыльняць яравымі культурамі частку пасеваў азімых зерневых. Пара брацца за праполку, весці іншыя работы па догляду азімых пасеваў, знясіленых сёлетняй зімой.

 Аляксандр Лазюк.

 На здымках: Андрэй Дзедушка і Сяргей Пагарэльскі — працуем на ўраджай; Анатоль Атрашкеіч — галоўны «хімік» гаспадаркі.

***

 Бульбаводы Сенненшчыны прыступілі да пасадкі «другога хлеба». Першымі гэта зрабілі механізатары ААТ «Бяленева», якім сёлета належыць высадзіць клубні на плошчы 200 гектараў. Яшчэ на 150 гектарах будуць вырошчваць бульбу ў ААТ «Літусава» і КУСГП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».