БСЖ за сям’ю

З нагоды трагічных падзей 11 красавіка праграма семінара-вучобы старшынь пярвічных арганізацый ГА «Беларускі саюз жанчын», што прайшоў на базе ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» была зменена. Замоўлены канцэрт мастацкай самадзейнасці быў адменены. Удзельнікі семінара абмежаваліся невялікай экскурсіяй па прадпрыемстве і дзелавым пасяджэннем, якое пачалося з хвіліны маўчання ў памяць ахвяраў тэракта. Але і гэтага хапі­ла, каб уразіцца той работай, што праводзіцца ў лясгасе.

 Сёння тут працуе 320 чалавек, толькі 30 з іх — жанчыны. Нягледзячы на гэта, ручкі прыгожай паловы можна было ўбачыць паўсюль і перш за ўсё ва ўмовах працы. Вытворчасць драўніны чыстай не назавеш. Аднак бытавыя памяшканні радавалі сваёй чысцінёй, кожнае, між іншым, было абсталявана кулерамі для халоднай і гарачай вады.

 Паклапаціліся тут і пра кухню з халадзільнікам, мікрахвалёўкай, дзе працоўныя могуць адпачыць і перакусіць. На вытворчай тэрыторыі для адпачынку размясцілі альтанкі — дарэчы,  адзін з відаў прадукцыі, што выпускае лясгас.

Агледзелі жанчыны і пелетную лінію. Паліўныя гранулы, ці пелеты, — адносна новая вытворчасць, але прыбытковая. Прадукт — экспартны і малазатратны, бо вырабляецца з драўняных адходаў: пілавіння, друзу. Экалагіч­нае паліва карыстаецца вялікім попытам у той жа Прыбалтыцы. За тры месяцы лясгас паставіў 86 тон пелетаў, атрымаўшы прыбытак у 30 мільёнаў рублёў. Сёння стаіць пытанне аб адкрыцці на вы­твор­часці трэцяй змены. На гэтым прадпрыемства не спыняецца. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, член пярвічкі ГА «БСЖ» Таццяна Шугальская падзялілася бліжэйшымі планамі. Спіс лясгасаўскай прадукцыі павінны пашырыць дзверы, аконныя рамы, дошкі для падлогі і інш. Для гэтых мэтаў набываецца спецыяльнае сушыльнае абсталяванне. Наперадзе і асваенне цалкам новых відаў дзейнасці. На возеры Кічына будуць арганізаваны рыбалоўства і рыбаводства.

 Поспех у працы шмат у чым залежыць ад маральна-псіхалагічнага клімату ў калектыве. Зрабіць яго спрыяльным — асноўная задача пярвічкі ГА «БСЖ» Багушэўскага лясгаса. Вопытам працы падчас пасяджэння падзялілася яе старшыня Тамара Кавалёва. Пярвічка налічвае 15 чалавек. Сярод супрацоўніц прадпрыемства адсутнічаюць парушэнні працоўнай дысцыпліны. Жансавет робіць усё, каб ліквідаваць іх і ў мужчынскім асяродку. Прынамсі, такія выпадкі тут можна пералічыць на пальцах. У сваёй дзейнасці члены пярвічкі прытрымліваюцца дэвіза: «Праз дзяцей — да бацькоў і праз бацькоў — да дзяцей». Сямейным каштоўнасцям тут надаецца вялікая ўвага. Арганізуюцца сямейныя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, святочныя мерапрыемствы. Праводзяцца дабрачынныя акцыі. Прадпрыемства цікавіцца нават паспяховасцю дзяцей сваіх супрацоўнікаў у школе. Падзякі, дыпломы, што атрымліваюць дзеткі, абавязкова вывешваюцца на стэндзе. А калі ў бацькоў узнікаюць праблемы з выхаваннем дзяцей, рады дасць псіхолаг прадпрыемства. Лясгас цесна су­пра­цоўнічае са школамі. Менавіта вучні сталі са­праўд­нымі памочнікамі леснікоў, удзельнічаючы ў пасадцы і вырошчванні лесу. На базе школ ствараюцца школьныя лясніцтвы. Чацвёртае па ліку з’явіц­ца ў Беліцкай школе. Такая працатэрапія выхоўвае беражлівыя адносіны да прыроды ў падрастаючага пакалення.

 Пытанням духоўна-маральнага выхавання вучняў і бацькоў было прысвечана выступленне Алены Гараньковай, старшыні пяр­віч­кі ГА «БСЖ» багушэўскай сярэдняй школы №2. Вось ужо чацвёрты год на базе навучальнай установы рэалізуецца сумесны праект школы і царквы святых Пятра і Паўла па выхаванні малодшых школьнікаў на праваслаўных традыцыях. Заняткі выкладае святар Аляксей Пыцько. Дзеткі таксама ўдзельнічаюць у рэлігійных святах. Цікавасць да факультатыва праяўляюць нават старшакласнікі.

 Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца расказаў пра ход вясенне-палявых работ у раёне, а таксама пра формы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Свой унёсак могуць зрабіць і жанчыны. Гэта забеспячэнне спрыяльных умоў працы, станоўчага клімату ў калектыве і сем’ях працаўнікоў. Вопытам такой працы па­дзя­лілася Таісія Заважанец, старшыня пярвічкі ГА «БСЖ» ААТ «Бяленева».

 Дэмаграфічная сітуацыя на Сенненшчыне выклікае непакой у жаночай арганізацыі. Начальнік аддзела ЗАГС Вольга Мялешка прывяла сумную статыстыку. Насельніцтва раёна няў­хіль­­на змяншаецца. Так, у 1999 годзе колькасць жыхароў складала 34000 чалавек. На 1 студзеня 2011 года іх ужо — 25092, у тым ліку 7796 — у Сянно, 2981 — Багушэўску, 14316 — на вёсцы. Смяротнасць у многіх сельсаветах перавышае нараджальнасць у 7 разоў! Сярод асноўных прычын, асабліва жаночай смяротнасці, — злаякасныя пухліны. У сувязі з гэтым Зоя Фаміна заклікала сенненак уважліва ставіцца да свайго здароўя і абавязкова праходзіць дыспансерызацыю. Аднак ёсць і абнадзейваючыя факты. У 2010 годзе ў Сенненскім ЗАГСе была зарэгістравана рэкордная колькасць шлюбаў — 102. А гэта дае надзею на новых дзетак. Невыпадкова ў мінулым годзе на свет з’явіліся Вера, Надзея, Любоў.

 Для стымулявання нараджальнасці ў Беларусі і, у прыватнасці, на Сенненшчыне робіцца шмат. Алена Кірсаненка, начальнік аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, расказала пра формы дзяржаўнай пад­трым­кі сямей: шматдзетных, няпоўных, выхоўваючых дзяцей-інвалідаў і інш. Такая падтрымка вя­дзец­ца і на ўзроўні прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў. Прынамсі, большасць з іх прадугледзелі ў калектыўных дагаворах пункты пра матэрыяльныя выплаты на шлюб, нара­джэн­не дзіцяці сваім су­пра­цоўнікам. Як высветлі­лася, ёсць і тыя, хто вырашыў зэканоміць «на дзецях». Сярод іх ААТ «Літусава», «Белая Ліпа», «Студзёнка», «Кругляны», «Сінягорскае», «Сенненскі райаграсэрвіс», КУСГП імя Гараўца, райплемстанцыя, УП «Сенненскія прамтавары» і інш.

 На прэстыж сям’і і папулярызацыю сямейных каштоўнасцей накіраваны раённы фестываль «Сузор’е сямейных талентаў», які плануе адбыцца 14 мая ў Сянно, у раённым Доме культуры. Пра мера­пры­ем­ства расказала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ларыса Но­ві­кава. Інфармацыя пра фестываль была змешчана ў «раёнцы» за 19 красавіка, №30 (пацікавіцца можна таксама на нашым сайце www.senno.by).

 Скончыўся семінар падвядзеннем вынікаў справаздачна-выбарчых сходаў пярвічных арганізацый Сенненшчыны. Сёння раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» аб’яд­ноўвае ў сваіх радах паўтары тысячы членаў, створана 65 пярвічных арганізацый. Толькі за апош­ні год арганізацыя папоўнілася 6 пярвічкамі. Урачыста прымаць іх у рады найбуйнейшай жаночай арганізацыі будуць падчас справаздачна-выбарчай канферэнцыі, што пройдзе ў раёне ў канцы мая.

Вольга Бандарэвіч.