ПРА ЎРБАНІЗАЦЫЮ І НЕ ТОЛЬКІ

Колькасць насельніцтва ў цэлым на планеце павялічваецца. А вось еўрапейцаў — усё менш. Нягледзячы на самы высокі ўзровень жыцця. Гэтыя ж тэндэнцыі характэрныя для Беларусі, і Сенненскага раёна ў прыватнасці. Пра іх мясцовыя адметнасці расказвае Вольга Мялешка, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама.

    — Згодна з апошнім перапі­сам насельніцтва, які прайшоў у 2009 годзе, на Сенненшчыне жыло 26307 чалавек: гарадское насельніцтва (Сянно і Багушэўск) — 11140 (42%), сельскае — 15167. За дзесяць гадоў пасля папярэдняга перапісу, які праводзіўся ў 1999 годзе, колькасць сенненцаў зменшылася амаль на 7000 чалавек. У 1979 годзе ў раёне жыло 43 тысячы насельніцтва , у 1959 — 56,5. Такім чынам, за апошнія 50 гадоў склалася ўстойлівая тэндэнцыя да змяншэння людскіх рэсурсаў. Праўда, колькасць гарадско­га насельніцтва больш стабільная. У працэнтных суадносінах гараджан стала нават больш. У вёсках насельніцтва, асабліва працаздоль­нага, усё менш.

 — Урбанізацыя… Людзі хочуць мець дастойныя ўмовы жыцця, магчымасць рэалізаваць свой інтэлектуальны патэнцыял. У вялікіх гарадах гэта зрабіць прасцей.

  — Гэтая прычына змяншэння колькасці насельніцтва, безумоўна, характэрная для нашага раёна, які мае статус аграрнага. Міграцыйныя працэсы асабліва яскра­ва праяўляюцца ў моладзевым асяродку. Сенненцаў з году ў год становіцца менш яшчэ і таму, што памірае больш, чым нараджаецца.

 У 80-я гады ХХ стагоддзя колькасць памерлых і народжаных прыблізна была аднолькавая. У 1987 годзе, напрыклад, натуральны прырост насельніцтва склаў 181 чалавек: памерла 452 жыхары раёна, нарадзілася 633 дзіцяці. З пачаткам 90-х дэмаграфічная сітуацыя паступова пачынае мяняцца ў адваротным напрамку. Максімальныя натуральныя страты зафіксаваны ў 1998 годзе, яны склалі 521 чалавек: памерла 825 сенненцаў (пік смяротнасці), нарадзілася — 304. Такім чынам, смяротнасць перавысіла нараджальнасць у 2,7 раза. У наступныя гады гэтая розніца стала некалькі скарачацца: у 2009 годзе — 368, 2010 — 411. І ўсё ж нават  у Сянно смяротнасць перавысіла на­раджаль­насць у 2 разы (144 і 73), у Багушэўску — у 3,5 (74 і 21), у сельскай мясцовасці — у 3,6 (398 і 111).

 — Нядаўна мне давялося пазнаёміцца са статыстыкай, якая, без перабольшвання, уразіла. У Сенненскім раёне жыве 7091 пенсіянер па ўзросту. Мужчын сярод іх усяго крыху больш за 2000. Атрымліваецца, што моцная палова чалавецтва да пенсійнага ўзросту амаль не дажывае?

 — На вашы лічбы прывяду свае. Летась у раёне памерла 616 чалавек. Многія з іх — 25% у райцэнтры, 27% — у Багушэўску, 18% — у сель­скай мясцовасці, мелі працаздольны ўзрост.  Пры гэтым з 36 асоб, памерлых у Сянно, 32 былі мужчынамі, у Багушэўску — з 22 — 19.

 —Чаму такі кароткі век у нашых мужчын?

 —  Спачатку колькі слоў пра прычыны смяротнасці ў цэлым. Больш за 50% сенненцаў памірае ад хвароб, выкліканых парушэннямі ў сістэме кровазвароту: інсульт, ішэмічная хвароба сэрца, сардэчна-сасудзіс­тая недастатковасць, хранічная недастатковасць кровазвароту. Другое месца ў структуры смяротнасці належыць старасці. Каля 15% ад агульнай колькасці памерлых складаюць асобы ва ўзросце 80 і болей гадоў. Далей у ліку прычын смерці ідуць новаўтварэнні і пухліны, у тым ліку нядобраякасныя.

 Аб прычынах смяротнасці ў працаздольным узросце трэба сказаць асобна. У 2010 годзе найбольш сенненцаў памерла па прычыне алкагольнага атручэння — 24 асобы, у тым ліку 5 жанчын. У 2008 годзе гэтыя лічбы адпавядалі 15 і 2, у 2009 — 15 і 4. У выніку дарожна-транспартных здарэнняў, утапленняў, пажараў, іншых няшчасных выпадкаў летась не стала 21 чалавека, яшчэ 9 чалавек скончылі жыццё самагубствам.

 — Што рабіць? Як палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.

 — Адказ на гэтыя пытанні шукаем не толькі мы з вамі. У агульных рысах ён выглядае так: змяншаць смяротнасць, павышаць нара­джаль­насць. Далей усё куды складаней, чым здаецца на першы погляд. Але працаваць над вырашэннем прабле­мы трэба ў абодвух яе аспектах.

 — Дзякуй за размову.

Гутарыў

Аляксандр ЛАЗЮК.