Увага!Пошук!Непрачытаныя пісьмы 41-га

Неўзабаве неба расквецяць святочныя салюты ў гонар 65-й гадавіны Перамогі. Здаецца, за гэты час Вялікую Айчынную гісторыкі дасканала вывучылі і даследавалі. Аднак і сёння рэха тых падзей далятае ўжо да ўнукаў і праўнукаў салдат Свяшчэннай вайны. Пошукавыя атрады ўсё яшчэ натыкаюцца на склады зброі. Адзін з такіх нядаўна адкапалі літаральна ў цэнтры Масквы. Удакладняюцца лёсы прапаўшых без вестак і імёны загінуўшых. Вяртаюцца да сваіх герояў заслужаныя ўзнагароды, а да адрасатаў — пажоўклыя трохкутнікі ваенна-палявой пошты. Чатыры такія лісты (на здымках) былі накіраваны ў тады яшчэ Багушэўскі раён. Але ў свой час пісьмы не дайшлі.

 Звесткі пра знаходку на электронны адрас “ГС” даслаў жыхар Маладзечна Рыгор Мішчанка, які, займаючыся пошукам інфармацыі пра свайго дзядулю, патрапіў на сайт мемарыяльнага комплексу “Нацыянальны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў” Украіны, на якім і месціліся фотаздымкі канвертаў.

 У лютым 2010 года Дзяржаўная служба кантролю за рухам культурных каштоўнасцей праз дзяржаўную мяжу Украіны перадала ў музей 1186 пісьмаў, вывезеных гітлераўцамі з Камянец-Падольскага. Карэспандэнцыя, датаваная чэрвенем-ліпенем 1941 года, на працягу дзесяцігоддзяў захоўвалася ў фондах музеяў г.Вены (Аўстрыя). Чым жа зацікавіла немцаў прыватнае ліставанне? Адказ на пытанне даў доктар Ольштэгер, які займаўся адпраўкай паштовай карэспандэнцыі ў Аўстрыю ў 1942 годзе. Гэтая калекцыя, паяго словах, давала  акупантам дакладны малюнак настрою савецкага народа ў пачатку вайны. Амаль 70 гадоў “настрой” праляжаў у чужых фондах не распячатаным і не прачытаным. Колькі ў гэтых лістах скалечаных лёсаў, трагедый, болю і слёз — можна толькі здагадвацца. Большасць іх аўтараў загінула тым жудасным летам 1941-га. Зараз навуковы калектыў Мемарыяла пачынае даследаванне гэтай калекцыі і пошук родных, блізкіх, знаёмых аўтараў, усіх, хто можа праліць свет на іх лёсы. Вось адрасы і імёны тых, каму прызначаліся пісьмы.

 Віцебская вобласць, Багушэўскі р-н, Будскі с/с, в.Грузды, Волкава Марыя С;

 Віцебская вобласць, Багушэўскі р-н, калгас “Ленінскі шлях”, Грачыха Ганна [С.];

 Віцебская вобласць, г.п.Багушэўск, вул.Рэвалюцыйная, дом 15,  Саржыцкі Браніслаў Т.;

 Віцебская вобласць, Багушэўскі р-н, Ледневіцкі с/с, Стайкі, Асіповіч Кузьма У.

 Рэдакцыя “ГС” звяртаецца  да ўсіх чытачоў “раёнкі”з просьбай  дапамагчы ў пошуку звестак пра землякоў. Інфармацыю можна дасылаць на адрас рэдакцыі: 211120, г.Сянно, вул.Чкалава, 4а, па тэлефоне: 4-12-57. Ці на электронны адрас: senno_red@tut.by. Фота­здым­кі канвертаў і даведачная інфармацыя будуць змешчаны на сайце раённай газеты: http://www.senno.by/.

 Хай і праз 70 год, але гэтыя салдацкія пісьмы павінны быць дастаўлены родным. Гэта наш свяшчэнны абавязак.

  Вольга Бандарэвіч.