В Городке прошел День белорусской письменности

Юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Гарадку, на радзіме вядомага літаратара, аўтара сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына.

На працягу двух дзен Гарадок быў цэнтрам культурнага прыцягнення, прымаў гасцей не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з іншых краін. У іх ліку пісьменнікі і паэты, навукоўцы, жывапісцы, мастацтвазнаўцы, палітолагі. Скажу без перабольшвання: маштабна, з размахам прайшло свята нацыянальнага друкаванага слова.

 Працавала вялікая коль­касць тэматычных пляцовак, праходзілі канферэнцыі, круглыя сталы, прэзентацыі розных праектаў, майстар-класы і многае іншае. Насычаная культурная праграма нікога не пакінула абыякавым, яна была распрацавана на любы густ і ўзрост. Толькі фестываль кнігі і прэсы разгарнуў тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя пляцоўкі на адзінаццаці лакацыях.

Тут можна было пазнаёміцца з апошнімі кніжнымі выданнямі сучаснікаў і класікаў, а таксама з гістарычнай, краязнаўчай, дзіцячай, вучэбна-метадычнай, навуковай літаратурай. Была магчымасць паслухаць як чытаюць свае творы паэты і пісьменнікі.  Выдавецтва БЕЛТА прадставіла кнігі пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны «Последние свидетели» і «Архивы. Ничего, кроме правды».

 На пляцоўцы рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі «Стужка часу Віцебшчыны» не толькі з дзейнасцю сваіх рэдакцый знаёмілі карэспандэнты газет «Витебские вести», «Віцьбічы», «Родныя вытокі», «Веснік Глыбоччыны», «Дзвінская праўда», «Аршанская газета», «Браславская звезда», але і прапаноўвалі рознага плану майстар-класы, віктарыны. Акунуцца ў атмасферу мінулага і прасачыць шлях развіцця медыя да сучаснасці запрашалі карэспандэнты БЕЛТА. Прапанавалі паглядзець на тэхніку, на якой працавалі супрацоўнікі агенцтва з даваеннага перыяду.

 Не толькі пачуць «слова», але і паглядзець як раней друкавалі кнігі прапанавалі супрацоўнікі полацкага Дома друкара. Яны запрашалі жадаючых зрабіць старонку на станку, зробленым, дарэчы, па макетах першадрукара Іагана Гутэнберга.  

 

 Ярка прайшоў фестываль народнай творчасці і фальклору «Гарадоцкі Парнас». Ён уключаў у сябе акцыю «Чытаем паэму «Тарас на Парнасе» разам», прэзентацыю гісторыка-культурнай спадчыны Гарадоччыны, час паэзіі «Вераніцынская зорка», адкрыты конкурс народнай творчасці «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?» Ведаеце, усяго і не пералічыш. А вось, што адзначыць трэба: гэтую лакацыю наведвалі сем’ямі.

 Сенненцы таксама прынялі ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства. Па-сапраўднаму запамінальнай была пляцоўка нашых землякоў на свяце славянскіх традыцый «Павятовы горад». Жывы гук, песні, пераапранутыя людзі ў адзенне XVIII—XIX ст. і самі Карл і Марыя Свяцкія, якія запрашалі гасцей закружыцца ў танцах.

 Шмат мерапрыемстваў было праведзена для моладзі. Адно з літаратурных – гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў прагучалі са сцэны Гарадоцкага гарадскога Дома культуры.

 Запамінальным юбілейны Дзень беларускага пісьменства для гасцей стане і эксклюзіўным кінапаказам фільма «На другом берегу». У ім узнаўляюцца падзеі далёкага 1925 года, калі частка Заходняй Беларусі знахо­дзілася пад акупацыяй палякаў. Гэта той перыяд, калі знішчалася наша культура, мова. Афіцыйная прэм’ера кінастужкі – 14 верасня напярэдадні Дня народнага адзі­нства.

 Асноўнай тэмай свята, безумоўна, стаў юбілейны Дзень пісьменства. Знайшлі сваё адлюстраванне таксама тэмы Года міру і стварэння, 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, гісторыі і культуры гарадоцкай зямлі і 80-годдзя вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 Ганаровымі гасцямі свята сталі Ігар Петрышэнка, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Субоцін, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Ігар Брыло, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебской вобласці, Уладзімір Пярцоў, міністар інфармацыі. Яны прынялі ўдзел у адкрыцці новай скульптурнай кампазіцыі «Букварь», у цырымоніі памятнага гашэння паштовага канверта з маркай «Дзень беларускага пісьменства».

Таксама для іх была арганізавана экскурсія па тэматычных пляцоўках. Лакацыя Міністэрства інфармацыі была адна з самых вялікіх. Тут госці бліжэй пазнаёміліся з праектам «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага», якому ў 2024 годзе споўніцца 20 гадоў. Дарэчы, праект сумесны з лаўрэатам прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым. Тут былі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, арт-аб’екты і кнігі, выдадзеныя за гэтыя гады.

 Уладзімір Пярцоў у інтэрв’ю журналістам адзна­чыў, што Дзень беларускага пісьменства з кожным годам становіцца маштабней, лю­дзей прыязджае ўсё больш і больш. Гэта культурнае свята становіцца запатрабаваным.

 На галоўнай сцэне свята адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця ХХХ Дня беларускага пісьменства. Прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў адрас удзе­льнікаў і гасцей агучыў Ігар Петрышэнка. З віншавальным словам да прысутных звярнуўся Аляксандр Субоцін. У час святочнага мерапрыемства прайшло ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

 Газетнай плошчы не хо­піць, каб расказаць пра ўсе тыя культурныя падарункі, якія былі прадстаўлены на Дні беларускага пісьменства. Цёплая, добразычлівая атмасфера форума надоўга застанецца ў памяці ка­рэспандэнта «ГС». Як і сам абноўлены Гарадок. Вялікая работа была праведзена на 60 аб’ектах. Папрыгажэлі жылыя дамы і збудаванні сацыяльна-культурнага абслугоўвання, іх упрыгожылі муралы з цытатамі як класікаў беларускай літаратуры, так і вядомых пісьменнікаў-землякоў. Асаблівы атрымаўся мурал на тарцы жылога дома на цэнтральнай плошчы. На ім стылізаваныя пад даўніну выявы гербаў, якія ў розныя гады прымалі свята.

 Змяніўся і цэнтральны гарадскі сквер, цяпер ён называецца «Вераніцынскі». Тут размясцілі скульптуру з нержавеючай сталі вышынёй больш за два с паловай метры «Дрэва беларускага пісьменства». Яна ўяўляе сабой дрэва, дзе замест ствала — 19 кніг з імёнамі выбітных аўтараў, якія праславілі Гарадоччыну. Шэсць каменных скульптур падарылі гораду студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

 У 2024 годзе Дзень беларускай пісьменнасці сустрэне Брэсцкая вобласць, культурнай сталіцай стануць Івацэвічы.

 

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.