В белорусско-российском лагере «Курган-2023» побывали сенненцы

Двухдзённы моладзевы беларуска-расійскі лагер «Курган-2023» сабраў звыш за 300 удзельнікаў у Верхнядзвінскім раёне.

   

У месцы, дзе сыходзяцца тры мяжы — Расіі, Беларусі і Літвы,  сабралася 18 каманд з Віцебскай вобласці і адна з Пскоўскай, расказаў Валерый Коваль, першы сакратар РК ГА «БРСМ». «Мерапрыемства такога плана збірае моладзь другі год запар, — адзначыў Валерый Аляксандравіч. — Сенненцы ўпершыню прымалі ўдзел. Хацелася б адзначыць тую атмасферу дабрыні, яднання, якая панавала сярод удзельнікаў. Асноўная мэта такіх сустрэч — захаванне сяброўства, узаемадзеяння паміж абласцямі».

Прыемна, што каманду нашага рэгіёна падтрымалі прадстаўнікі мясцовай улады. У прыватнасці, Андрэй Лебедзеў, першы намеснік старшыні райвыканкама, асабіста наведаў лагер, сустрэўся з нашымі землякамі, пажадаў ім творчага натхнення.

Праграма працы лагера была насычанай. Моладзь прыняла ўдзел у адукацыйных, спартыўных, патрыятычных, інтэлектуальных пра­ектах. Была і конкурсная праграма, якая прадугледжвала прэзентацыі сваіх абуладкаваных лагераў, насценгазет, а таксама ўдзел у гульні «Зарніца паўночнага рэгіёна» і ў інтэлектуальным квізе «Кветкі Вялікай Перамогі».

Дарэчы, па выніках інтэлектуальнага спаборніцтва сенненцы сталі чацвёртымі. А лепшымі прызнаны ў конкурсе патрыятычных песень і вершаў. «Давно мы дома не были» – музычная кампазіцыя (напісаная ў маі 1945-га пад Кёнігсбергам) у выкананні Кацярыны Белкінай і Аляксандра Атрошкіна кранула да глыбіні душы.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота прадастаўлена В.Ковалем.