«Экстры» на Сенненшчыне прыбаўляецца

Па выніках работы за першы квартал бягучага года грамадскія вытворцы малака зрабілі чарговы крок у напрамку паляпшэння яго якасці. У агульным аб’ёме  рэалізаванай прадукцыі гатункі «экстра» і вышэйшы склалі 92,2%. Летась за адпаведны перыяд гэты паказчык раўняўся 65%.  У сакавіку прыведзеныя вышэй лічбы выглядалі наступным чынам: 94,3%, 64,7%.

 Прыкметны  рост наглядаецца ў вытворчасці і рэалізацыі малака гатунку «экстра». У цэлым па раёне яго доля ў сакавіку склала 48,2%. Малако такой якасці на Аршанскі МК  паступала з усіх акцыянерных таварыстваў і ўнітарных  сельгаспрадпрыемстваў, акрамя ААТ «Какоўчына». Пры гэтым  значную долю малака  найвышэйшай якасці рэалізуюць не толькі  прызнаныя лідары ДП «Саўгас імя Машэрава», ПП «Дружбінец», але і  «Пурплева», «Кругляны», КУСГП імя Гараўца. У сакаві­ку гэтыя паказчыкі   ў «Пурплева» складалі  61,7%, у «Дружбінцы» — 50,3%.

 — Малака гатунку «экстра» можа і павінна быць больш. На нашых фермах для гэтага створаны ўсе неабходныя ўмовы, —  лічыць Зоя Конышава, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі.

 Сенненскі раён па якасці малака даўно займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. У той жа час   жывёлаводам так і не ўдалося дасягнуць па «экстры» паказчыка 50 % ад агульнай рэалізацыі. Віну за гэта павінны ўзяць на сябе  перш за ўсё спецыялісты галіны, кіраўніцтва ААТ «Какоўчына». У гаспадарцы  да гэтага часу  не навучыліся атрымліваць «экстру». Больш таго, у сакавіку на Аршанскі МК з Какоўчына паступіла вышэйшым гатункам толькі 38,9% малака, астатняе — першым.

 Яшчэ адным дасягненнем вытворцаў малака трэба лічыць  адсутнасць фактаў фальсіфікацыі прадукцыі. Палепшыўся  рацыён кармлення жывёлы. У сакавіку ніжэй базіснай тлустасці прадукцыю атрымлівалі толькі  ў ААТ «Ульянавічы», «Сінягорскае», унітарных сельгаспрадпрыемствах «Полымя» і імя Данукалава.

 Малако было і застаецца  для гаспадарак галоўнай фінансавай крыніцай. Значыць, трэба імкнуцца  пазбягаць страт пры яго рэалізацыі.

Аляксандр Лазюк.