Стихи Ларисы Гапеевой, нашей землячки, очаровывают своей мелодичностью

– Паэзія – гэта дзіўная рэч, якая прымушае глядзець на свет па-новаму, — упэўнена мая суразмоўца, сенненская паэтэса Ларыса Гапеева . Яе вершы не проста радуюць душу і сэрца, а зачароўваюць свёй меладычнасцю і пяшчотай. Ода Сенненскаму краю – думаецца, менавіта так можна было б назваць цыкл вершаў, якія прысвечаны роднай зямлі.

Так склалася, што Ларыса Сяргееўна па прафесіі і прызванні – філолаг. Пасля вучобы ў Магілёўскім Дзяржаўным педагагічным інстытуце працаваць стала на малой радзіме.  Больш за 30 гадоў яна прывівала любоў да роднай беларускай мовы ў СШ № 1 г.Сянно.

– Знайсці падыход да дзіцяці – першае, што павінен зрабіць любы настаўнік, – кажа мая суразмоўца. – Зразумець, зацікавіць не заўсёды проста, але ў мяне гэта атрымлівалася.

Праца ў школе прыносіла натхненне і радасць. Ларыса Сяргееўна настаўнік найвышэйшай катэгорыі, метадыст. За плячыма не толькі багаты вопыт, але і перамогі ў розных прафесійных конкурсах. У 1986 годзе атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі БССР.

Цікава, што творы асабістага сачынення былі разыначкай яе ўрокаў. У сваёй працы Ларыса Сяргееўна заўсёды выкарыстоўвала творчы падыход, бо працаваць настаўнікам марыла з дзяцінства. Трэба сказаць, што ў гэты перыяд і адбыліся спробы пяра.

– У дзяцінстве я была вельмі ўражлівым дзіцём. Праліўны дождж, пухнатае воблака, стары лес, вяртлявыя птушкі – усё гэта магло мяне падштурхнуць да напісання новага твора, – успамінае Ларыса Сяргееўна. – Перш чым напісаць нейкі верш, я прапускала яго праз сябе, праз свае эмоцыі, адчуванні.

Сёння Ларыса Сяргееўна на заслужаным адпачынку. Чытаючы яе вершы зараз, пераконваешся, што з гадамі яны не згубілі душэўнасці і цеплыні.

– Я ніколі не пішу вершы спантанна. У інтэрнэце часта можна ўбачыць, калі людзі хваляцца тым, што напісалі тры вершы за тры гадзіны. У мяне так не бывае, бо да кожнага твора я падыходжу вельмі дэталёва. Нарадзіўся радок – яго трэба агучыць, абдумаць і працягнуць далей, – дзеліцца паэтэса. – Я працую над кожным гукам, словам, думкай.

Сапраўды, вершы для Ларысы Сяргееўны сталі неад’емнай часткай жыцця. Некаторыя з іх увайшлі ў паэтычныя зборнікі «Чтобы память жила в сердцах поколений», выдадзены ў 2016 годзе, і «Сенненшчына сінявокая». Дарэчы, нядаўна ўбачыла свет дзіцячая энцыклапедыя «Мудрость предков в главном символе страны». У ім надрукаваны верш Ларысы Гапеевай, прысвечаны памяці Матроны Маркевіч, нашай зямлячцы, чый узор, вышыты на ручніку, стаў часткай арнаменту сцяга нашай краіны.

У творчай скарбонцы Ларысы Гапеевай можна знайсці вершы на любы густ: філасофская, грамадзянская, інтымная, пейзажная лірыка. Асаблівую ўвагу прыцягваюць творы, прысвечаныя роднаму краю, – гэта паэзія, якая кране сэрца кожнага сенненца.  

Вольга КАРПАВА.

Фота аўтара.