Около 20 лет Наталья Рыбченко работает в системе здравоохранения

Многае ў жыцці чалавека вызначае яго прафесійная дзейнасць. У юнацтве мы сутыкаемся з выбарам — кім быць? Якую прафесію выб­раць? Але ёсць шчасліўчыкі, якіх прафесія выбірае сама, якія з дзяцінства адчуваюць цягу да пэўнага роду заняткаў.

Амаль 20 гадоў Наталля Рыбчанка  працуе ў сферы аховы здароўя. Зусім нядаўна, усяго 2 месяцы назад, была назначана на пасаду старшай медыцынскай сястры Сенненскай паліклінікі.  Гераіня нашай публікацыі з дзяцінства марыла стаць медсястрой.  Заўсёды з цікавасцю і захапленнем назірала за людзьмі ў белых халатах.   Ад іх заўсёды  веяла  дабрынёй і клопатам, дзеліцца Наталля Віктараўна. Таму невыпадкова, што пасля школы паступіла ў Полацкае медвучылішча. Па размеркаванні ўраджэнка в. Пустынкі Сенненскага раёна трапіла на малую радзіму ў Яноўскую ўчастковую бальніцу. Адпрацаваўшы тры гады, уладкавалася ва УЗ «Віцебская абласная клінічная бальніца» медсястрой у лор-аддзяленне. Але лёс вырашыў па-свойму. Пазнаёмілася з будучым мужам, які пражываў у г. Сянно, выйшла замуж  і вярнулася ў родныя мясціны. Пасля выхаду з адпачынку па догляду за дзіцяці працавала медсястрой у лор-кабінеце Сенненскай паліклінікі. Акрамя таго, што Наталля Віктараўна з’яўляецца старшай медсястрой, яна і сёння застаецца незаменнай памочніцай лор-урача. На плячах старшай медсястры — вялікі пласт арганізацыйных задач, ад падрыхтоўкі шматлікіх дакументаў да стварэння ў калектыве добрага мікраклімату. З імі Наталля Рыбчанка спраўляецца бездакорна. Пад яе кіраўніцтвам  працуюць 40 медыцынскіх сясцёр — участковых, супрацоўнікаў працэдурнага кабінета  і даўрачэбнага прыёму, 11 санітарак, сястра-гаспадыня і супрацоўнікі рэгістратуры.  Штодня Наталля Віктараўна  кантралюе работу  сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу на месцах, выкананне правілаў унутранага распарадку, захаванне сан­эпідрэжыму. Спецыяліст складае графік працы, праводзіць з супрацоўнікамі неабходныя інструктажы, забяспечвае наяўнасць усіх неабходных інструментаў, медыкаментаў. Гэта толькі малая частка тых задач, якія ўвахо­дзяць у службовую інструкцыю старшай медсястры. Трэба адзна­чыць, што пасля абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы УЗ «Сенненская ЦРБ» умовы для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам сталі больш камфортнымі, радуе і добраўпарадкаваная прылягаючая тэрыторыя.

Наталля Рыбчанка з’яўляецца членам добраахвотнай дружыны па ахове правапарадку, актывісткай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўста­новы аховы здароўя, членам пярвічных арганізацый РГА «Белая Русь», ГА «Беларускі саюз жанчын». З 2006 года — донар крыві.  За гэты час паспела здаць каля 20  данацый крыві.

Дасведчанага спецыяліста ў калектыве паліклінікі паважаюць і цэняць, а галоўны ўрач УЗ «Сенненская ЦРБ» Крысціна Гарчынская адзначае: «Наталля Віктараўна — з тых, хто прыйшоў у прафесію па прызванні — пунктуальная, адказная, патрабавальная, у першую чаргу, да сябе, сваю справу ведае дасканала».

У мінулым годзе за добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства і актыўны ўдзел у жыцці калектыву   Наталля Рыбчанка была адзначана Граматамі галоўнага ўрача Сенненскай ЦРБ і прафсаюзнай арганізацыі.

«Я не ўяўляю сябе без медыцыны, без свайго калектыву – згуртаванага і дружнага, — кажа Наталля Рыбчанка. — Калі адчуваеш сябе патрэбнай і запатрабаванай, прыносіш карысць людзям — значыць, ты абраў сапраўды правільны шлях».

Ларыса МУКАМОЛАВА.

Фота аўтара.