Шэф прыйшоў на дапамогу

 

Палову дня вучні і настаўнікі Алексініцкай школы гадалі пра мэту візіту да іх гасцей. Начальнік раённага аддзела адукацыі Людміла Аніськовіч і кіраўнік СВК “Пурплева” Уладзімір Гвоздзеў завіталі ў школу з прыемнай місіяй — уручыць падарунак.

 А пачалося ўсё з педсавета, на якім прысутнічаў старшыня Сенненскага райвыканкама Эдуард Герасіменка. Сярод мноства тэм, узнятых на пасяджэнні, ад калектыву навучальнай установы прагучала просьба дапамагчы набыць транспарт. Ён школе патрэбны як нішто іншае.

 Алексініцкая школа — з экалагічным напрамкам. Любому, хто завітае сюды, ёсць на што паглядзець. Найперш запросяць у школьны музей прыроды, дзе можна ўбачыць прадстаўнікоў мясцовай флоры і фаўны. Аматараў турыстычных маршрутаў правядуць па экалагічнай сцежцы, распрацаванай настаўнікамі і вучнямі.

Уласны прышкольны падворак упрыгожаны рознымі кветкамі, кустамі, дрэўцамі і малымі архітэктурнымі формамі. А нядаўна школа абвясціла ўсевясковую акцыю. У “Чыстую зону” разам з Алексінічамі патрапілі ўсе навакольныя вёсачкі. Сумесна з вяскоўцамі вучні і настаўнікі добраўпарадкоўваюць іх тэрыторыі. Даглядаюць вучні і за бліжэйшымі помнікамі і воінскімі пахаваннямі. Праўда, гэта так сказаць — за бліжэйшымі. Напрыклад, да мемарыяла ў Купаваці (месца гібелі К. Заслонава) алексініцкім школьнікам даводзіцца ісці ажно 13 кіламетраў. Зручней было б пад’ехаць, ды няма на чым.

 Цяпер ёсць. На просьбу адгукнуўся шэф школы — СВК “Пурплева”. Прадпрыемства закупіла для сваіх падшэфных самы экалагічны транспартны сродак — 8 новенькіх веласіпедаў на агульную суму больш за два мільёны рублёў. Зараз мясцовая дзетвара можа не толькі на купавацкі мемарыял часцей наведвацца, але і ў далёкія паходы выпраўляцца, каб пашыраць веды пра родны край. Дырэктар навучальнай установы Алег Барытка паабяцаў, што веласіпеды будуць даступнымідля ўсіх школьнікаў. У сваю чаргу, настаўнікі і вучні ў даўгу не застануцца. Школьны калектыў — добрая падмога для пурплеўцаў у сельскагаспадарчых работах.

 Менавіта такія шчырыя сяброўскія зносіны, якія ўсталяваліся паміж школай і СВК, прыносяць узаемную карысць — упэўнены шэфы і іх падшэфныя.

Вольга Бандарэвіч.