Цудоўная сямёрка: шанцы ёсць ва ўсіх

 На званне аднаго з сямі цудаў Беларусі можа прэтэндаваць і аб’ект нашага раёна.

 Праект «Сем цудаў Беларусі», які праводзіць «Народная газета» сумесна з рэдакцыяй газеты «Голас Сенненшчыны», выходзіць на фінішную прамую. Дзякуючы нашым агульным намаганням у галасаванні на першым этапе, якое завяршылася на сайце «НГ» www.ng.by на пачатку сакавіка, прыняло ўдзел больш за 40 тысяч наведвальнікаў. Падчас яго з кожнага раёна, у тым ліку і нашага, былі абраныя па некалькі аб’ектаў-пераможцаў, якія набралі больш галасоў пры найбольшым сярэднім бале.

 З 15 сакавіка па 1 мая на вышэй адзначаным сайце праводзіцца наступны этап галасавання — абласны. Аб’екты-пераможцы з кожнага раёна цяпер прэтэндуюць на перамогу ў ім і на выхад у наступны этап — рэспубліканскі, які будзе праводзіцца на сайце з 15 мая па 1 ліпеня. Тады і вызначацца самыя-самыя, што могуць з гордасцю звацца ЦУДАМІ БЕЛАРУСІ.

 Шанцы трапіць у гэты фінал, прагучаць на ўсю краіну ў кожнага раёна роўныя. Усё залежыць ад нашай актыўнасці і патрыятызму, шаноўныя землякі, бо адбірацца будуць фі­на­ліс­ты па колькасці ад­дадзе­ных за іх галасоў і набраных імі балаў. А хто будзе галасаваць за наш раён, як не мы з вамі!?

 Спадзяёмся, раўнадушных у гэтым своеасаблівым спаборніцтве не будзе. А стаць яго паўнапраўным удзельнікам можа кожны, хто мае выхад у Інтэрнэт. Дастаткова зайсці на сайт «НГ», клікнуць на ссылку «Сем цудаў Беларусі», знайсці там сваю вобласць, а ў ёй свой раён і выставіць прапануемым аб’ектам адзнаку па сямібальнай шкале.

 Нагадваем яшчэ раз: галасаванне будзе доўжыцца да 1 мая. А з 15 мая пачнецца наступны этап — рэспубліканскі. Аб’екты тых раёнаў, якія ў яго трапяць, будуць прэтэндаваць на званне ЦУДА БЕЛАРУСІ і стануць вядомыя на ўсю краіну. Ці будуць у гэтым пачэсным спісе нашы мясціны — залежыць толькі ад нас з вамі!