Дзяўчынка з Шынкава праславіла свой род на ўсю Беларусь

Самым запамінальным момантам у жыцці васьмікласніцы Алексініцкай школы Ганны Хадановіч стала паездка ў НДЦ «Зубраня», дзе дзяўчынцы паціснуў руку, уручыў дыплом і падарункі сам Уладзімір Ліпскі, вядомы беларускі пісьменнік, галоўны рэдактар вядучага дзіцячага часопіса «Вясёлка».

На нарачанскіх прасторах для падвядзення вынікаў са­бра­ліся ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі сярод вучнёўскай моладзі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!». Аргані­затарамі гэтага маштабнага праекта выступілі міністэрства адукацыі Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі, Рэспубліканскі цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі экалагічны цэнтр дзяцей і юнацтва. Нацыянальны адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», рэдакцыя газеты «Пераходны ўзрост».

 На працягу года навучэнцы ўстаноў адукацыі, выхаванцы дзіцяча-юначых аб’яднанняў рыхтавалі конкурсныя працы. Адбор праводзіўся ў некалькі этапаў: унутры­школь­ны, раённы, абласны, рэспубліканскі. А колькасць намінацый, абвешчаных у рамках акцыі, дазволіла разнастаіць тэматыку дзіцячых работ. Творчае спаборніцтва ішло ў 6 конкурсах: на лепшы летапіс школы; конкурс-агляд этнаграфічных музеяў устаноў адукацыі; нарысы, прысвечаныя 65-годдзю Перамогі «Жывыя галасы гісторыі»; «Мая сям’я — мой гонар»; лепшы фо­тазды­мак аб малой радзіме «Красуй, Беларусь!», экалагічна-патрыятычны конкурс «Кветкі Перамогі».

 На раённы этап конкурсу сацыяльных праектаў «Мая сям’я — мой гонар» свае работы прадставілі вучні з шасці школ Сенненшчыны: Машканскай, Алексініцкай, Нямойтаўскай, Студзёнкаўскай, Какоўчынскай і сенненскай СШ №2. Сярод лепшых — Алена Валодзькіна з Машкан (3 месца), Павел Філіповіч са Студзёнкі (2 месца). Уладальнікі першага месца, Ганна Хадановіч (Алексініцкая ДАСШ) і Уладзіслаў Рукаль (Нямойтаўская ДАСДМ-Ш), абаранялі гонар раёна на абласным этапе. Уладзіслаў, як сапраўдны мужчына, прапусціў дзяўчынку наперад. Ужо ў «Зубраняці», на рэспубліцы, Ганна выступала са сваім праектам, героямі якога сталі яе родныя.

 «Сказ пра сям’ю Хадановічаў  з вёскі Шынкава» — жыццяпіс сям’і, у якім знайшлі адлюстраванне лёсы некалькіх пакаленняў, пачынаючы ад прадзедаў і да самых маленькіх нашчадкаў слаўнага прозвішча. У ім ёсць месца подзвігам падчас Вялікай Айчыннай вайны, руплівай працы, сямейным традыцыям, творчасці. Сямейны летапіс Ганна аздобіла фота- і відэаматэрыяламі, табліцамі. Як прызнаецца юная аўтарка, радаводнае дрэва яе сям’і яшчэ не скончана. Праца настолькі захапіла, што дзяўчынка працягвае даследаваць гісторыю сям’і.

 Радавод, звычайна, асацыіруецца ў нас са шляхетнасцю і гучнымі прозвішчамі. Аднак, ці тытуламі вызначаецца гонар фаміліі? Справамі, учынкамі, працай. На жаль, нашы веды аб родзічах часцей абмяжоўваюцца 1-2 пакаленнямі. А між тым, колькі цікавага, нечаканага хаваецца ў лёсах нашых прашчураў! І як бы гучна гэта не было: праз жыццё сям’і прасочваецца гісторыя краіны. Ведаючы пра сваіх продкаў, мы больш даведвамся, кажучы словамі класіка, «Хто мы? Адкуль мы?  Да чаго iдзем?» Можа, час задумацца аб сваіх каранях?

Вольга Бандарэвіч.