27 сакавіка — Дзень працаўнікоў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Партнёр камунальнікаў – насельніцтва

У нядзелю работнікі камунальнай сферы адзначаюць сваё прафесійнае свята. А напярэдадні супрацоўнік рэдакцыі Аляксандр Лазюк сустрэўся з дырэктарам Сенненскага РУП ЖКГ Мікалаем Жукоўскім, прызначаным на пасаду некалькі месяцаў таму. Да гэтага Мікалай Міхайлавіч шмат гадоў працаваў галоўным інжынерам прадпрыемства.

 — Улічваючы, што жыллёва-камунальная гаспадарка для вас — раскрытая кніга, дазволю сабе пачаць размову з пытання: якімі будуць стратэгія і тактыка развіцця прадпрыемства на бліжэйшыя гады?

 — Стратэгічныя напрамкі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў нашай краіне вызначаюцца не Жукоўскім. Усе паслугі насельніцтву павінны аказвацца якасна і ў поўным аб’ёме. Арыенцірам для гэтага служаць сацыяльныя стандарты, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў. Што датычыцца тактыкі, метадаў дасягнення пастаўленых задач, то тут таксама шмат залежыць, скажам, ад фінансавання прадпрыемства, яго тэхнічнай аснашчанасці  і, зразумела, ад арганізацыі працы на прадпрыемстве, вытворчай і тэхналагічнай дысцыплін.

 — Падыходзіць да завяршэння ацяпляльны сезон. Як ён прайшоў?

  — Скажу так —  у штатным рэжыме. Парывы на цеплатрасах былі, замярзаў водаправод, але непаладкі ўхіляліся аператыўна. Спажыўцы асаблівых прэтэнзій не выказвалі. Хаця, шчыра кажучы, у ацяпляльны сезон мы ўступалі з трывогай. Метэаролагі абяцалі суровую зіму, доля мясцовых відаў паліва ў паліўным балансе ўзрасла. Летнія запасы шчапы скончыліся праз паўтара месяца, як пачаўся ацяпляльны сезон. Багушэўскі лясгас, які павінен быў пастаўляць яе на кацельню, са сваімі абавязкамі не спраўляўся. А на памяці была зіма 2009 года, калі ў дамах мікрараёна, куды цяпло паступае ад кацельні ПМС, людзі  замярзалі. Тады нават катлы, якія працавалі на пячным паліве, не заўжды ратавалі сітуацыю.

 Тым не менш, сёлетні сезон камунальнікі могуць занесці сабе ў актыў. Жыхары раёна ПМС атрымалі ў сваіх дамах доўгачаканыя цяпло і гарачую ваду. Гэта стала магчымым, дзякуючы рэканструкцыі мясцовай кацельні з устаноўкай  двух катлоў па 2 МВТ з механізаванай загрузкай  шчапы, заменена 300 м трубаправодаў цепласеткі. На кацельню патрачана 1 млрд 732 млн рублёў, на цепласеткі — 428 млн. рублёў.

— Сёння камунгас можа ў неабходных аб’ёмах забяспечваць свае патрэбы ў мясцовых відах паліва самастойна?

 — Не. Тым не менш, залежнасць ад лясгаса змяншаецца. За гэтае лета плануецца ўстанавіць катлы, на якіх у якасці паліва будзе выкарыстоўвацца шчапа, і на цэнтральнай кацельні Сянно. У летні перыяд з іх дапамогай будзе грэцца вада.

 — Мясцовыя віды паліва. Якія дывідэнды ад іх выкарыстання атрымліваюць РУП ЖКГ, эканоміка раёна?

 — Скажу адразу, што ў Рэспубліцы Беларусь распрацавана цэлая праграма па пашырэнні сферы выкарыстання мясцовых відаў паліва. Менавіта пад яе рэалізацыю мы атрымалі фінансы на набыццё здрабняльнай машыны, шчапавоза, трактара з маніпулятарам, пагрузчыка «Амкадор». Праўда,  гігакалорыя цяпла на шчапе каштуе 214,8 тыс. рублёў, дравах — 322,5, газе — 209,3.

 — Замена кацельнага абсталявання, участкаў цепласетак, штогадовае правядзенне планава-прафілактычных мерапрыемстваў дазволілі камунальнікам забяспечваць цеплавы рэжым у большасці дамоў. Але, па-ранейшаму, не ва ўсіх кватэрах ёсць гарачая вада, шмат у якіх дамах цякуць дахі. Калі будуць вырашаны гэтыя праблемы?

 — Гарачая вада ўстаноўленай тэмпературы падаецца ва ўсе кватэры. Праўда, многія спажыўцы наракаюць — каб яна пайшла, даводзіцца доўга спускаць халодную ваду. У той жа час за апошнія два гады на ўсіх шматкватэрных дамах, дзе была тэхнічная магчымасць, устаноўлены цыркуляцыйныя помпы, што стварыла магчымасць забяспечыць бесперапынную падачу гарачай вады. Жыльцам астатніх дамоў робіцца 10-працэнтная скідка ў аплаце.

 Найбольш турбуе праблема са станам дахаў. Нягледзячы на тое, што за апошнія гады на многіх дамах дахавае пакрыццё заменена, колькасць зваротаў змяншаецца марудна.

 — Мікалай Міхайлавіч, нядаўна ў рэдакцыю звярнуліся жыхары дома №11 па вул.Каваленкі ў Сянно. Іх дом, якому ўжо больш за 30 гадоў, для капітальнага рамонту планаваўся ў 2010 годзе. Ці будзе ён адрамантаваны сёлета?

  — На 2011 год у план капітальнага рамонту ўключаны жылыя дамы №132 па вул.Кастрычніцкай (кошт работ 210 млн руб.), №6 па Заводскай (336 млн руб.), №8 па вул.Чырвоны Кастрычнік (180 млн руб.), №21, кор.2 па вул.Назаранкі (67 млн руб.), што ў Сянно, і №6 па вул.Цурана ў Машканах (53 млн руб.). Але фінансаванне работ абмежавана. За 2010 год ад насельніцтва на субрахунак прадпрыемства паступіла 540 млн рублёў, з раённага бюджэту выдаткавана на капрамонт жылля 278,6 млн руб., на бягучы — 87,5 млн руб. Так што фінансавацца будуць, у першую чаргу, тыя аб’екты, дзе работы ўжо пачаліся. Думаю, што дом №11 па вул.Каваленкі капітальна будзе адрамантаваны ў 2012 годзе.

 — Госці, што прыязджаюць у Сянно, з захапленнем адзываюцца пра наш горад. Сенненцы, як правіла, крытычна адзываюцца пра добраўпарадкаванне горада. Як вы ацэньваеце шансы на тое, каб райцэнтр і іншыя населеныя пункты раёна сталі больш прывабнымі?

  — Я таксама хацеў бы жыць у зручным, прыгожым горадзе. Але жыць даводзіцца па сродках. Летась на ўтрыманне населеных пунктаў (пераважна Сянно) выдаткоўвалася 195 млн рублёў,  на добраўпарадкаванне — 548. Фактычна на гэтыя мэты было патрачана 1103 млн рублёў. Як бачыце, РУП ЖКГ патраціў і ўласныя сродкі. Іх, дарэчы, нам не вярнулі да гэтага часу. На гэты год фінансаванне яшчэ больш сціплае: 34 млн — на ўтрыманне, 87 — на добраўпарадкаванне, 320 — на асвятленне.

 — З якіх крыніц фінансуюцца названыя расходы?

 — З раённага бюджэту.

 — У нашай газеце мы нярэдка друкуем спісы людзей, якія не аплочваюць атрыманыя камунальныя паслугі. Сярод юрыдычных асоб ёсць неплацельшчыкі?

 — Яшчэ колькі. Не называючы ўсе прадпрыемствы, скажу толькі, што  ААТ «Сінягорскае» па стану на 1 сакавіка мае доўг у 87,9 млн рублёў, райаграсервіс — у 53, УП «Полымя» — больш за 60 млн рублёў. Нават Аршанскі малочны камбінат наш даўжнік. Яго доўг складае каля 100 млн рублёў.

 — Зрабіць горад добраўпарадкаваным маглі б не толькі камунальнікі, але і яго жыхары. Аднак у многіх пад’ездах валяюцца акуркі, замест клумбаў ля дамоў — бур’ян. Чаму камунгас і спажыўцы камунальных паслуг не знаходзяць агульнай мовы?

 — Адказаць на ваша пытанне складана. Думаю, што віной таму нізкі ўзровень культуры, пасіўнасць людзей. Нярэдка знайсці чалавека, які б пагадзіўся стаць старшым па пад’езду, немагчыма, бо гэта грамадская пасада. Там, дзе ёсць актыўныя, неабыякавыя людзі, у пад’ездах дамоў, ля дамоў заўжды парадак. Дарэчы, прадпрыемства гатова, наколькі ў нас ёсць магчымасці, дапамагаць такім людзям насеннем, расадай кветак. Звяртайцеся ў дыспетчарскую:  4-22-11. Плануем ужо сёлета правесці конкурсы на лепшы пад’езд, двор. Падумаем, як людзей заахвоціць за добрыя справы. Я згодны, што ў жыллёва-камунальнага прадпрыемства няма іншага партнёра, як людзі, спажыўцы нашых паслуг. Галоўнае, каб існуючыя праблемы вырашаліся спакойна, на агульным даверы.

 Карыстаючыся выпадкам хацеў бы  павіншаваць з Днём работнікаў камунальнай службы ўсіх работнікаў Сенненскага РУП ЖКГ. Пажадаць ім добрага здароўя, поспехаў у працы.

 — Дзякуй за размову.

 Гутарыў Аляксандр ЛАЗЮК.