Об уникальных открытках н. ХХ века, пополнивших фонды Сенненского историко-краеведческого музея, — в проекте «О той земле, где ты родился»

Паштовыя рарытэты — памяць, якую можна зберагчы, аднавіць і нават вярнуць. Доказ таму – унікальныя паштоўкі пач. ХХ стагоддзя, якімі папоўніліся фонды Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея.

 

Калі хтосьці трымаў у руках паштоўкі або лісты стогадовай даўнасці, той абавязкова адчуваў незвычайнае хваляванне. І не дзіўна, бо гэтыя адпраўленні, прасякнутыя павагай і клопатам, каханнем і цёплымі прывітаннямі, адрасаваны нашым папярэднікам. Дарэвалюцыйныя паштоўкі ХIХ-пач. ХХ стагоддзяў захоўваюць тое, што асабліва важна для нас зараз:  помнікі гісторыі, архітэктуры, значная частка якіх страчана, жанравыя сцэнкі, характарызуючыя побыт жыхароў таго часу.

 У працэсе пошукавай дзейнасці раённы музей набыў каштоўныя рарытэты — два ілюстраваныя адкрытыя лісты-паштоўкі, якія больш за 100 гадоў  праляжалі  ў сямейных альбомах дзесьці за межамі Беларусі і зараз зноў вярнуліся на Сенненшчыну. За дапамогу ў прыдбанні артэфактаў  выказваем падзяку начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама Ганне Дзмітрыеўне Мартыновіч, жыхару г. Сянно Аляксею Кіслякову і краязнаўцу Глыбоцкага раёна Кастусю Шыталю.

 У эпоху інтэрнэта рэтра-пасланні засталіся ў мінулым, але і сёння па іх можна прачытаць гісторыю свайго краю. Дакументальныя сведкі даўніны, нібы машына часу, здольныя вярнуць нас да перыяду існавання Сенненскага павета. Першая паштоўка выяўлена аўтарам праекта ў Краснаярску. Выпадкова ці не, але зараз мы трымаем яе ў руках: каляровая ілюстрацыя маляўнічага берага Волгі, надпісы каліграфічным почыркам з «яцямі», паштовыя штэмпелі векавой даўнасці і ледзь улоўны пах мінулага стагоддзя… Усё гэта стварае ўражанне асабістай прысутнасці. На адваротным баку прадмета — пісьмовае паведамленне, адпраўленае ў павятовы горад Сянно Магілёўскай губерніі з Самары 24 ліпеня 1908 года. Згодна з адрасным радком ліст быў дастаўлены ў маёнтак Краснагура (Красная Гура) спадарыні Багушэўскай Ганне Станіславаўне Гайль. Маёнтак уваходзіў у склад Ульянавіцкай воласці Сенненскага павета і належаў Б.К. Багушэўскаму. Па дадзеным «Спіса населеных месц Магілёўскай губерніі» за 1910 год, памесце складалася з трох двароў, 21 мужчыны і 14 жанчын.

 Почырк пісаўшага ліст не вельмі разборлівы, тым больш на польскай мове, таму шчырыя словы падзякі святому айцу Міхаілу Ермашкевічу за пераклад. Чытаючы паведамленне, паміж радкоў бачым, як у Ганны Станіславаўны святлее твар ад цёплага прывітання і добрых вестак: «26 ліпеня Самара.  Анця (Анюта) каханая! Не магу табе не выказать, што я проста ўзрадавалася,  дазнаўшыся, што твой стрыечны брат  ажаніуся. Ты на вяселлі пэўна была і весела бавілася, у чым не сумняваюся. Будзь такая добрая паведаміць, як там Юзэфа, ці ўжо ачуняла? Манік, пэўна, застанецца на пастаянна ў Пермі. Маючы вольны час і ахвоту, напішы мне аб усім». Паведамленне прымеркавана да Дня святой Ганны (27 ліпеня) – Дзень Анёла чалавека, насіўшага гэтае імя: «Абдымаю цябе і віншую ў дзень тваёй св. Апякункі, жадаю ўсяго найлепшага …». На гэтым паведамленне спыняецца. Мы можам толькі здагадвацца, ці паправілася Юзэфа, ці застаўся ў Пермі Манік. І галоўнае, кім жа была Ганна Багушэўская­Гайль? Ці не радня былым уладальнікам Багушэўска? Усё гэта патрабуе далейшага даследавання.

 

Выявы культавых збудаванняў, цэнтральных вуліц дарэвалюцыйнага  горада даўно вядомы сенненскім жыхарам, яны неаднаразова друкаваліся ў розных краязнаўчых выданнях, іх можна ўбачыць на сайце раённага музея і іншых інтэрнэт-рэсурсах. Але арыгінальная паштоўка стогадовай даўнасці каштоўная тым, што, трымаючы яе ў руках, мы адчуваем душу таго, хто яе даслаў. Гэты паштовы рарытэт без пісьмовага звароту, выраблены ў прыватнай друкарні. Знакавасць яго ў тым, што прадмет — сапраўдны летапіс раёна. На гэтым артэфакце сляды гісторыі і людзей, жыўшых некалі тут. Дзякуючы яму можна ўба­чыць, як выглядаў павятовы г. Сянно ў пачатку ХХ ст. На маляўнічым узвышшы горад  прадстае незвычайна ціхім, быццам стаіўшымся над возерам: частка сучаснай Віцебскай вуліцы, пачатак Кастрычніцкай (былой Тракцірнай), фрагмент Камсамольскай плошчы (былой Рынкавай), дарога з бруку, па левым баку якой павольна падымаюцца два абывацелі, пакінуты воз, белыя гусі каля вады. На вышыні пагорка з правага боку — гандлёвыя рады кірмашовай плошчы, дзе мясцовыя гандляры, пераважна габрэйскага паходжання, вядуць капейкавы гандаль. Далей дарога ідзе ўздоўж тракцірнай вуліцы, асветленая газавымі ліхтарамі, якія запальваў гарадскі ліхтаршчык. Дарэчы, ліхтароў у Сянне ў 1910 годзе налічвалася 72 адзінкі. Над гэтай сапраўднай прыгажосцю, якую не сустрэнеш на сучасных фотаздымках і паштоўках, узвышаюцца праваслаўная саборная Мікалаеўская царква і велічны касцёл Святой Тройцы — унікальная архітэктурная спадчына са сваёй асабістай гісторыяй. Пакладзены ў аснову негатыў фотаздымка магілёўскага губернскага фатографа С.П. Аляксандрава захаваў той  куток  горада, які адлюстраваў у сваёй карціне знакаміты мастак Напалеон Орда ў 1877 годзе.

 Неверагодна, але факт: гэтыя два рарытэты звязаны паміж сабой ланцугом мінулага. А звяно паміж імі — Сенненскі філіял таварыства «Асветніцтва і Дабрачын­насць». З успамінаў Марыі Свяцкай, уладальніцы маёнтка ў Беліцы: «Каб прыцягнуць да працы мясцовае дваранства, я заснавала Сенненскае таварыства Асветніцтва і Дабрачыннасці, старшынёй якога быў Міраслаў Абіезерскі. Мы збіралі сродкі ад членскіх узносаў, ад прыватнага продажу тэлеграфных бланкаў і паштовак… Але больш за ўсё прыбыткаў прыносілі аматарскія тэатры, якія штогод арганізуюцца ў Беліцы і гулялі ў гарадах Сянно, Оршы і Віцебску». Такім чынам, можна меркаваць, што паштоўка з арыгінальным відарысам мясцовага краявіду магла быць выраблена Сенненскім таварыствам «Асветніцтва і Дабрачыннасць». Акрамя гэтага, захаваўся цікавы фрагмент старой газеты, дзе ёсць невялікі артыкул, прысвечаны тэатралам Сенненскага павета: «…раней гэтая самадзейная трупа дала два выступы ў Сянно, дзе ёй шчодра апладзіравалі мяшчане і дробная шляхта, для якіх польская мова на сцэне — вельмі рэдкая павучальная падзея». Да артыкула прыкладаўся і фотаздымак, на якім адлюстраваны самадзейныя акцёры: уладальнік сядзібы «Беліца» К. Свяцкі, А. Данямірская, А. Гардзялкоўскі, Г. Багушэўская, М. Сульжынская, У. Заржэцкі, пані Самуйла, М. Бржастоўскі, чацвёртая з левага боку — Ганна Багушэўская, атрымальніца першага ліста-паштоўкі.

 Сёння, калі фатаграфаванне – з’ява ў нашым жыцці больш чым звыклая, мы зусім не задумваемся, што яно значыла паўтара стагоддзя таму. Развіваючыся, мастацтва давала магчымасць захаваць рысы любімых твараў, гарэзлівага дзіцяці, пейзажы і, што асабліва значна для нас зараз, віды гарадоў і мястэчак.  Магчыма, сучасныя фотаздымкі праз 100-200 гадоў таксама стануць вялікай рэдкасцю. Але ў ХХI стагоддзі мы сутыкаемся з тым, што выдавецтвы перасталі паказваць выходныя дадзеныя на паштоўках, рыхтуючы каласальнае поле для даследаванняў у будучым. Між тым, няма нічога прыемней, чым атрымаць каляровае пасланне з далёкай краіны з наклеенай маркай, на якой красуецца штэмпель з датай. Калі ўважліва ўсё разгледзець, то можна прасачыць увесь шлях паштоўкі. А ліст, напоўнены ўражаннямі, цудоўна перачытваць зімнімі вечарамі, аддаючыся ўспамінам.

 Уладзімір ГАРДЗЮК,

старшы навуковы супрацоўнік

Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея.

 Фота прадастаўлены У.Гардзюком.