Сейбітаў ў сенненскіх сельгаспадарках прыбавіцца

Сенненскі раённы выканаўчы камітэт прыняў спецыяльнае распараджэнне.

 Палявыя веснавыя работы пачнуцца вось-вось. Але ўнітарныя сельгаспрадпрыемствы і адкрытыя акцыянерныя таварыствы аграпрамысловага комплексу раёна адчуваюць дэфіцыт рабочых рук нават у перыяд падрыхтоўкі тэхнікі да палявых работ. Так што рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб аказанні шэфскай дапамогі ў іх правядзенні з’явілася дарэчы.

 Згодна з дакументам кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў абавязаны па першым патрабаванні сельгасарганізацый накіраваць механізатараў і рабочых іншых прафесій для аказання дапамогі. Якія спецыялісты спатрэбяцца і, нават, канкрэтна хто, вядома з дадатку да распараджэння райвыканкама.

 Найбольшую дапамогу сваім падшэфным сельгасарганізацыям акажа Багушэўскі лясгас. Яго спецыялісты ўжо працуюць ці будуць працаваць у адкрытых акцыянерных таварыствах «Пурплева», «Бяленева», «Літусава», ва ўнітарных прадпрыемствах імя Гараўца, імя Данукалава і «Полымя», у ПП «Дружбінец» — усяго 12 чалавек. Патрэбу ў дадатковых рабочых руках маюць фактычна ўсе гаспадаркі раёна за выключэннем ДП «Саўгас імя Машэрава» і ААТ «Сенненскі райаграсервіс».