Сенненшчына ў пяцёрцы лепшых «малочных» раёнаў вобласці
Доля малака вышэйшых гатункаў, што паступае на перапрацоўку, у параўнанні з мінулым годам павялічылася. Раён стабільна ўваходзіць па гэтым паказчыку ў пяцёрку лепшых у вобласці. У прыватнасці, за першыя два месяцы мінулага года яна складала 65%, сёлета — 90,8%. Сярод гаспадарак раёна якасцю прадукцыі вызначаюцца ДП «Саўгас імя Машэрава», дзе доля «экстры» дасягнула ў агульным аб’ёме рэалізаванага малака 76,7%, вышэйшага гатунку — 23,3%. Больш паловы прадукцыі найвышэйшай якасцю прадаюць малаказаводу ААТ «Кругляны» (58,8%), ААТ «Студзёнка» (58%), астатняе малако — вышэйшым гатункам.Толькі гэтыя паказчыкі якасці малака маюць ААТ «Літусава», КУСГП імя Гараўца.
— Сярэднераённы паказчык мог быць вышэйшым, калі б больш мэтанакіравана ў вытворчасці малака гатунку «экстра» працавалі ў ПУП «Дружбінец», калі б не тапталіся на месцы жывёлаводы ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Іх доля ў агульнараённай скарбонцы вышэйшая, чым у машканцаў, а значыць, і адказнасць ляжыць большая. Насцярожвае той факт, што з ферм райаграсервісу паступае малако нават другога гатунку, з «Дружбінца» — першага, — пракаменціравала сітуацыю Зоя Конышава, галоўны спецыяліст райсельгасхарчу.
Зрэшты, нізкагатунковым малаком усё яшчэ грашаць большасць гаспадарак раёна. За два месяцы 2011 года з ААТ «Какоўчына» першым гатункам прадалі 68,9% малака, з КУСГП «Полымя» — 51,7, ААТ «Пурплева» — 42,3. Другім гатункам малака адзначыліся акцыянерныя таварыствы «Белая Ліпа», «Пурплева», «Бяленева», унітарныя прадпрыемствы імя Данукалава, «Полымя», райаграсервіс, што адназначна сведчыць аб недастатковым кантролі за санітарным станам малакаправодаў, малочнага посуду. У выніку на завод прадукцыя паступае з павышанай кіслотнасцю.
У заключэнне — колькі слоў пра тлустасць. Па выніках двух месяцаў ніжэй базіснай яна ў акцыянерных таварыствах «Пурплева», «Студзёнка», унітарных прадпрыемствах «Полымя», імя Данукалава. Ужо зараз гэтыя гаспадаркі нясуць фінансавыя страты. Што будзе, калі жывёла выйдзе на пашу?
Аляксандр ЛАЗЮК.