Слоўнік “сенненскай мовы” папаўняецца!

Новая рубрыка ў «раёнцы» выклікала цікаўнасць у сенненцаў.  І вось на наш адрас былі дасланыя чарговыя словы, пачутыя ў выключна сенненскай мясцовасці і ад месцічаў. Мы іх прапануем да ўвагі чытачоў, а таксама запрашаем далучыцца да стварэння такога вось «газетнага» слоўнічка і дасылась цікавыя слоўцы на наш e-mail: rd@vitebsk.by ці паштовы адрас: 211120, г.Сянно, вул. Чкалава, 4а.

 

 Курмель. Невялікая азёрная рыбка, у беларускай літаратурнай мове назва яе — пячкур, у рускай — пескарь.

 Аджгур. Націск на другім складзе, «г» узрыўное. Запісана ў вёсцы Бярозкі. Так тут завецца ёрш, невялічкая рыбка з калючымі плаўнікамі.

 Камяга. Так у Бярозках і навакольных вёсках называюць лодку,вырабленую з камля тоўстага дрэва. Націск на другім складзе.

 Браднік. Гэта рыбалоўная прылада, сетка, нацягнутая ў выглядзе конуса на каркас з пруткоў. Інакш яшчэ называецца «таптухай». Націск у першым выпадку на апошнім складзе, у другім — на другім.

 Ватка. У вёсцы Бор так называлі сятчатую снасць з мяшком — кармой пасярэдзіне і двума крыламі па баках. Два чалавекі па пояс у вадзе рыбачылі з гэтай снасцю.

 Пяхцель. Гэта нешта падобнае на сучасную сетачку-авоську, толькі не з нітак, а з тонкіх вяровачак. У яе селянін набіраў у дарогу сена для каня. Націск на апошнім складзе. Такую ж вяровачную сетачку называлі ў Машчонах «раптух».

 Цясла. Цяслярскі інструмент для вырабу карыт, начовак і іншых падобных рэчаў. Націск на апошнім складзе.

 Паршні. Назва вёскі ў Ходцаўскім сельсавеце. Але паходзіць яна ад лапцей, якія пляліся не пад прамым вуглом, а па дыяганалі. Націск на апошнім складзе.

 Ходцы. Так называліся пешаходныя масткі праз пратоку, што злучае два возеры каля вёскі, што калісьці атрымала такую ж назву.

 Пётр ЕРМАШКЕВІЧ,

былы супрацоўнік раённай

газеты.