З Варон – першыя!

Чацвёрты год запар адмі­ністрацыя КУСГП «Вароны» Віцебскага раёна выступае ініцыятарам правядзення валейбольнага турніру. І кожны раз запрашэнне да ўдзелу ў ім атрымлівае каманда ААТ «Сенненскі льнозавод».

 Сёлета турнір быў прысвечаны 50-годдзю з дня заснавання сельскагаспадарчага прадпрыемства. На яго былі запрошаны шматлікія госці: былыя кіраўнікі гаспадаркі, начальнік аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, ветэраны спорту, старшыня Сенненскага раённага выканаўчага камітэта Эдуард Герасіменка. Каманды-удзельніцы турніру атрымалі права ўмацаваць свой састаў за кошт запрошаных ігракоў. Акрамя гаспадароў і сенненцаў, на пляцоўку выходзілі валейбалісты з Лёзненскага раёна і гарадскога пасёлка Кастрычніцкі.

 Пераможцамі турніру, дарэчы, другі раз за яго гісторыю стала каманда ААТ «Сенненскі льнозавод». Гульні праходзілі ва ўпартай, часам, драматычнай барацьбе, калі пераможцу вызначала розніца ў адно-два ачкі. Тым больш каштоўным здаецца вынік нашай каманды. Акрамя маральнага задавальнення, сенненцы мелі матэрыяльныя здабыткі. Яны ўзнагароджаны грашовай прэміяй, кубкам, медалямі і дыпломам. Другое месца занялі лёзненцы, трэцяе — гаспадары, валейбалісты КУСГП «Вароны».

 Дывідэнды сенненскія аматары валейболу будуць мець і па месцы працы. Кіраўнік раёна накіраваў пісьмы ў іх арганізацыі з просьбай заахвоціць валейбалістаў матэрыяльна.

Л.ІЎЕЎ.

 НА ЗДЫМКУ: каманда-пераможца валейбольнага турніру ў Варонах.