Баталіі на берагах “малочнай ракі”. Як знайсці паразуменне малаказдатчыкам і малаказборшчыкам?

Сярод вясковых жыхароў  пераважаюць людзі сталага ўзросту, якія маюць павышаную па­трэ­бу ў сацыяльных паслугах. Але парадокс нашага жыцця ў тым, што менавіта пенсіянеры найбольш актыўна займаюцца  пры­сядзіб­най гаспадаркай: трымаюць жывёлу, вырошч­ваюць прадукцыю раслінаводства. І тут іх інтарэсы супадаюць з інтарэсамі і палітыкай дзяржавы ў галі­не аграпрамысловага комп­лексу. Нядаўна ў Беларусі з’явілася цэлая праграма па падтрымцы і развіцці прысядзібнай гаспадаркі. Варыянты па заахвочванні дробнага вытворцы розныя. Можна ўзяць крэдыт у банку на пакупку тэхнікі, жывёлы. Грамадскія сельгасарганізацыі гатовы прадаць цялушку па прымальным кошце. Недзе вяскоўцам  займацца  сельскай гаспадаркай дапамагаюць камбі­наты бытавога абслугоў­вання, недзе — буйныя  вытворцы сельгас­пра­дукцыі, недзе — прыватныя прадпрыемствы. На Сенненшчыне ўпершыню прадпрыемства па аказанні паслуг у апрацоўцы прысядзібных участкаў, нарыхтоўцы дроў, закупу малака ў насельніцтва было арганізавана пры Сту­дзён­каўскім  сельскім Савеце дэпутатаў. Сёння яно дзейнічае як самастойная юрыдычная асоба, мае ўласны  рахунак у банку. У яго штаце 24 чалавекі. Пераважная іх большасць занята зборам малака ў насельніцтва. У гэтай сферы дзейнасці прадпрыемства працуюць 18 малаказборшчыкаў, 2 лабаранты.

 — Менавіта збор малака прыносіць прадпрыемству найбольшы прыбытак, — не хавае дырэктар унітарнага прадпрыемства «Наша забота» Валянціна Свідзінская.   — Ён перакрывае страты, якія мы нясём пры аказанні паслуг насельніцтву ў апрацоўцы зямельных участкаў, уборцы ўраджаю.

 Аб’ёмы гэтых паслуг растуць. За 2010 год унітарнае прадпрыемства  аказала іх на суму 24 млн рублёў, ці 400% у параўнанні з 2009 годам. На нарыхтоўцы і дастаўцы дроў паслугі склалі 12 млн рублёў, ворыве — 2,7, культывацыі, уборцы зерневых, касавіцы траў — па 1,9 млн рублёў. Цэны на паслугі прадпрыемства  даступны вяскоўцам. Яны ўзгадняюцца з Упраўленнем цэнавай палітыкі камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама.

 Умацоўваецца матэрыяльная база прадпрыемства. Аснову яе складаюць чатыры аўтамабілі, тры трактары, набор прычапной тэхнікі, у тым ліку бульбакапалка, зернеўборачны камбайн. Іншая справа, што ў сваёй большасці тэхніка далёка не новая, а значыць, на яе рамонт трацяцца значныя  сродкі. Рост аб’ёмаў аказаных паслуг і сабранага малака  да­зво­ліў  летась зрабіць некаторыя новыя набыткі. Купілі экспрэс-апараты па вызначэнні якасці малака, апарат, з дапамогай якога вызначаецца ўтрыманне антыбіётыкаў. Набылі новы плуг, касіл­ку, што дазволіць павысіць якасць аказання паслуг. Част­ку прыбыткаў выкарысталі на прэміраванне работнікаў.

 — Высокапрадукцыйную працу трэба заахвочваць. Зборам малака ў нас занята 20 чалавек, аказаннем іншых паслуг, сума якіх, напомню, склала 24 млн рублёў, — два: Уладзімір Хамянкоў і Сяргей Пашкевіч. Як  іх не прэміраваць па выніках года? — выказалася Валянціна Ягораўна, з якой мы гутарылі пасля справаздачнага сходу, у якім прынялі ўдзел амаль усе члены калектыву.

 Вынікі  2010 года падводзілі ў Студзёнкаўскім сельскім клубе. З дакладам выступіла дырэктар  УП «Наша забота». Удзел у  абмеркаванні даклада прынялі не толькі старшыня Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Васіль Бараноўскі, але і яго калегі з Багданава, Нямойты, Ходцаў. У гэтых сельсаветах  зборам малака ў насельніцтва таксама займаецца «Наша забота». Да дыскусіі  ўважліва прыслухоўвалі­ся старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга, спецыяліст райсельгасхарчу Зоя Конышава, якая адказвае за развіццё прысядзібнай гаспадаркі вяскоўцаў.

 Стымулююцца і актыўныя малаказборшчыкі. Не менш як  60 кароў прыходзіцца на кожнага з іх. Хочаш зарабіць больш, працуй з малаказдат­чыкамі, бо заробак залежыць галоўным чынам ад колькасці сабранага малака. У выніку сярэдні заробак малаказборшчыка за месяц  у 2010 годзе разам з прэміяль­нымі  склаў 595 тысяч  рублёў. Дарэчы, такі заробак самы нізкі ў раёне. Але ўмовы аплаты працы ўдасканальваюцца. У 2011 годзе, напрыклад, прэміяльныя сумы будуць выплачвацца штоквартальна.

 — Асаблівую ўвагу звяртаем на якасць прадукцыі. Малаказборшчыкі, у якіх тлустасць прадукцыі будзе вагацца ад 3,6 да 4%, атрымаюць  10-працэнтную даплату, калі ўзровень тлустасці будзе вышэй, — 15%. Стымулюецца праца лабарантаў. У іх даплата пры ўтрыманні ў малацэ тлушчу  звыш 4% складзе 20%. Інакш нельга. Патрабаванні да якасці прадукцыі растуць з боку пера­пра­цоўшчыкаў,яны ў нас, як вядома, манапалісты, — расказала кіраўнік унітарнага прадпрыемства.

 Манаполія — гэта дрэнна, але не заўжды. Канкурэнцыя ў цяперашніх умовах таксама мае свае хібы. І вось чаму. Прадпрыемства асноўныя свае дывідэнды атрымлівае за кошт збору малака. І нясе страты, каб дапамагчы вяскоўцам у вырашэнні іншых надзённых праблем.

 — І тут на нашай тэрыторыі з’яўляюцца прыватныя асобы, якія займаюцца толькі зборам малака. Па сутнасці, яны здымаюць  вяршкі, — турбуецца Васіль Бараноўскі, старшыня Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў. — Праўда, дзякуючы асабістым кантактам з людзьмі нам удалося вярнуць  нашы пазіцыі.  Але прэцэдэнт створаны. Такія ўмовы  нельга называць сумленнай канкурэнцыяй. Хацелася б, каб раённыя ўлады данеслі сваё бачанне прабле­мы да заканадаўцаў.

 Падобны погляд мае права на жыццё. Праўда, Васіль Мікалаевіч ніяк не ўлічвае адзін невялікі, але важны нюанс — любы з малаказборшчыкаў вольны здаваць сваю прадукцыю таму, каму захоча. Калі  малако  ад «Нашей заботы» пабегла ў іншы бок, то гэтай самай «заботы» якраз і не хапае. Да таго ж, будзем шчырымі, сёння  ўнітарнае прадпрыемства таксама збірае малако не толькі ў Студзёнкаўскім сельсавеце. Пры гэтым мясцовыя малака­здат­чыкі ад прадпрыемства ніякіх паслуг па апрацоўцы зямлі не атрымліваюць. А вось маючы магчымасць дапамагчы людзям пасеяць-убраць, прадпрыемства, на нашу думку, толькі павялічвае свае шансы ў канкрэтнай барацьбе. Іх трэба выкарыстоўваць. З людзьмі трэба працаваць. Асабліва з тымі, якія  маглі б  нарошчваць вытворчасць малака і іншай сельгаспрадукцыі. Таму зусім правільна робіць кіраўніцтва «Нашей заботы», калі  прэміруе  тых малаказдатчыкаў, якія на карову здалі больш як па 4000 кг малака, хто трымае больш чым 2 галавы жывёлы. Трэба шукаць іншыя падыходы ў стымуляванні вытворчасці сельгаспрадукцыі. Важна, каб сельскія Саветы, вызваліўшыся ад збору малака, не забылі пра сваю адказнасць за развіццё прысядзібнай гаспадаркі, каб  не адмахваліся ад просьбаў гаспадароў прысядзібных гаспадарак буйнатаварныя вы­твор­цы сельгаспрадукцыі.

 Што датычыцца павышэння патрабаванняў да якасці прадукцыі, то тут трэба мець на ўвазе — экспарт сельгаспрадукцыі  з’яўляецца дзяржаўным прыярытэтам. Ставіцца задача не толькі замацавацца на рынку Расіі, але і прабіцца ў краіны Заходняй Еўропы. Гэта кіраўніцтва УП «Наша забота», Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў разумее.  За мінулы год прадпрыемства сабрала 1431 тону малака. Сярэдняя тлустасць прадукцыі склала 3,8%. За  два месяцы 2011 года — 4,3%. У якасці прыярытэту ставіцца задача ўмацоўваць матэрыяльную базу прадпрыемства. Ужо гэтым летам будзе аказвацца дапамога ў  кась­бе травы не толькі малаказдатчыкам Сту­дзён­каўскага сельсавета. У перспектыве прадпрыемства мяркуе набыць граблі, прэс-падборшчык, каб выконваць увесь цыкл па нарыхтоўцы грубых кармоў.

 Інфармацыя для роздуму

 УП «Наша забота» збірае малако з 550 падворкаў.

 Па стану на 1 студзеня 2011 года насельніцтва ўтрымлівала 1335 кароў, што на 216 галоў менш у параўнанні з мінулым годам.

 За мінулы год малаказавод вярнуў УП 6560 кг малака па прычыне  ўтрымання ў ім антыбіётыкаў, 1250 — у сувязі з павышанай кіслотнасцю.

Аляксандр Лазюк.

 

Каментарый Зоі Конышавай,

галоўнага спецыяліста ўпраўлення

сельскай гаспадаркі:

 — УП «Наша забота» летась сабрала 43% ад агульнай колькасці малака, прададзенага насельніцтвам дзяржаве. Асаблівых нараканняў ад людзей не паступала. Прэтэнзіі малаказдатчыкаў паступаюць толькі ў сувязі з тым, што інфармацыю пра здадзеную прадукцыю, налічаныя грошы людзі атрымліваюць толькі на пошце, калі прыходзяць за грашыма.

 Каментарый Міхаіла Вілюгі,

 старшыні раённага Савета дэпутатаў:

 — Праблемы ў рабоце прадпрыемства ёсць, але кіраўніцтва іх бачыць і працуе над вырашэннем. У прыватнасці, мне імпануе нацэленасць на пашырэнне паслуг у нарыхтоўцы кармоў. Як перспектыўны напрамак расцэньваю імкненне кіраўніцтва Студзёнкаўскага сельскага Савета і дырэктара ААТ «Студзёнка» уключыць зямельныя ўчасткі насельніцтва ў агульны севазварот акцыянернага таварыства.