Ведай свае правы, спажывец!

З парушэннем сваіх спажывецкіх правоў сутыкнулася на днях жыхарка Літусава Лідзія Фёдараўна Скутава. Летась жанчына набыла ў Багушэўскім універмагу бензапілу вядомай маркі «Штыль». Гарантыйны тэрмін пакупкі складаў год і заканчваўся 3 сакавіка гэтага года. Аднак у пачатку лютага піла працаваць перастала. Не доўга думаючы, жанчына аднесла тавар назад у магазін. Прадаўцы, у сваю чаргу, адправілі яго ў пазначаную гарантыйную майстэрню.

  — І вось ужо месяц як пілы няма! А нядаўна сказалі, што давядзецца яшчэ і грошы плаціць за рамонт! Але ж піла была на гарантыі! — абуралася спадарыня Скутава.    

 Згодна Закону аб правах спажыўца, гарантыйны рамонт сапраўды павінен праводзіцца за кошт вытворцы, прадаўца, калі праверка тавару пакажа наяўнасць заводскага браку. У адваротным выпадку, плаціць давядзецца пакупніку. Дырэктар ПУП «Сенненския прамтавары»  Ж.Л.Еўзікава паведаміла вынікі экспертызы: няспраўнасць пілы звязана з тым, што яе няправільна запраўлялі. У паліва трапі­ла вада, піла працяглы час не выкарыстоў­валася, і на дэталях з’явілася ржа. Таму рамонт Скутава павінна аплачваць са свайго кашалька. Закон таксама дазваляе пакупніку аспрэчыць заключэнне экспертызы вытворцы. Спажывец мае права правесці незалежную праверку за ўласны кошт ці звярнуцца ў суд. Але перад гэтым варта ўсё ж пракансультавацца ў юрыста. Як параіла начальнік ад­дзе­ла эканомікі райвыканкама Л.Ц.Сцепаненка, звярнуцца можна да таго ж юрысконсульта райвыканкама (тэл.:4-18-85). Таксама да ведама па­купні­коў —  Ві­цебскае грамадскае аб’яд­нанне «Таварыства абароны правоў спажыўцоў» (тэл.: 8(0212) 48-52-59).

Вольга Бандарэвіч.