Дежурный репортёр. Каждый вторник с 9.00 до 16.00.

За «доктара» гарой

 На рубрыку звярнулася жыхарка вёскі Бабаедава Нямойтаўскага сельсавета Вольга Станкевіч. Жанчына расказала, што фельчарка Раснянскага ФАПа не можа дабрацца да працы. «Я ўжо адправіла дзеда свайго насустрач медыцынскаму работніку, якая вязе нам лекі. Што гэта такое, чалавек не можа да пацыентаў даехаць!» — абуралася жанчына.

  Загадчыца Раснянскага ФАПа Алена Ступаневіч жыве ў п.Дружба. Звычайна на працу яна дабіраецца на раснянскім аўтобусе, але ў сераду і чацвер такога рэйса няма. Яго адмянілі з-за малога пасажырапатоку. Жанчына разумее, што дзеля яе адной аўтобус пускаць ніхто не будзе. Таму да аўтастанцыі прэтэнзій ніякіх не мае. Толькі звяртаецца да сваіх пацыентаў з просьбай, каб тыя крыху пацярпелі. Да кожнага яна абавязкова даедзе, хай і з невялікім спазненнем. Як толькі растае снег, фельчарка перасядзе на веласіпед. Тады не прыйдзецца пацыентам так доўга яе чакаць.

 Як аформіць дом?

  Марыю Музычкіну з вёскі Цясы Багушэўскага сельсавета ўжо не першы месяц хвалюе пытанне: як аформіць дом.  Жанчына не разумее: навошта плаціць грошы за яго афарм­ленне. З усіх неабходных папер на дом у спадарыні Музычкінай на руках толькі дакумент куплі-продажу. Жанчына баіцца, што пасля яе смерці жыллё не дастанецца дзецям.

 Па словах Іны Пухоўскай, кіраўніка справамі Багушэўскага сельскага выканаўчага камітэта, дом Марыі Музычкінай у любым выпадку пяройдзе дзецям, бо ён запісаны ў гаспадарчай кнізе за жанчынай. Калі Марыя Яфрэмаўна жадае адпісаць яго каму-небудзь аднаму з дзяцей, то можа аформіць завяшчанне. Для гэтага неабходна звярнуцца да натарыуса. Але ў любым выпадку, афармляць дакументы ў Багушэўскім бюро Аршанскага філіяла «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру» прыйдзец­ца, калі не Марыі Яфрэмаўне, дык яе дзецям. Інакш, напрыклад, прадаць жыллё яны не змогуць.

 Колькі гэта будзе каштаваць у багушэўскім бюро дакладна адказаць не змаглі. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Таму, паважаная Марыя Яфрэмаўна, вырашаць вам. Ці рабіць усю дакументацыю самастойна, ці пакідаць гэту справу дзецям. У любым выпадку, жыллё застанецца за вашымі спадкаемцамі.

 Тарыфы ў нумар!

 Наталля Леўчанка жыве ў асабістым доме на тэрыторыі Багушэўскага сельсавета. І кожны месяц ёй прыходзіцца тэлефанаваць у ЖКГ, каб даведацца колькі плаціць за ваду. Жанчына карыстаецца агульнай калонкай.

 «Чаму б не публікаваць гэтыя тарыфы, як толькі яны змяняюцца, у вашай газеце?» — запыталася Наталля Мікалаеўна.

 Мы не супраць. Але справа ў тым, што падобная інфармацыя ў «раёнцы» можа з’явіцца толькі ў тым выпадку, калі яе дасць ЖКГ і аплаціць яе публікацыю. Падобныя матэрыялы рэдакцыя не мае права друкаваць бясплатна. Ніводная рэвізія гэтага не даруе.

 Да таго ж, як растлумачылі ў РУП «Сенненскае ЖКГ», тарыфы на ваду мяняюцца толькі пасля выхаду адпаведных указаў Прэзідэнта. Ніякай самадзейнасці тут няма. І сума залежыць ад таго, колькі дзён у месяцы. Калі 31 — то заплаціць прыйдзецца крышку болей, чым за той месяц, у якім 30 дзён.

 З вамі была

 Кацярына КАРПОВІЧ.

 15 сакавіка вас выслухае адказны сакратар рэдакцыі Аляксандр Яўгенавіч Лазюк.

 Тэлефануйце: 4-12-57.