Сенненскія жанчыны даюць прыклад паўнацэннага жыцця.
«Ану, дзяўчыны!» — такой забаўляльнай конкурснай праграмай адзначылі Дзень жанчын у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. І хоць узрост удзельніц быў абсалютна розным — ад дзяўчат да бабуль — юнацкі запал у працэсе гульні ахапіў усіх канкурсантак і гледачоў. Спаборніцтвы разгарнуліся паміж дзвюма камандамі. «Пралеску» прадстаўлялі члены міні-праекта «Крыніца». «Сонечны зайчык» складаўся з наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і матуль выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання. Падчас конкурсаў удзельніцы дэманстравалі кулінарныя, дыпламатычныя, паэтычныя здольнасці, а таксама славутую жаночую вынаходлівасць. Ацэньвала гульню журы ў складзе наведвальнікаў аддзялення Аляксея Атрошкіна і Ігара Ціханскага, старшыні пярвічкі ГА «Беларускі саюз жанчын» раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Ларысы Рантоўскай, прадстаўніка абласнога таварыства Чырвонага Крыжа Таццяны Дробыш. У перапынках гледачоў радавалі музычнымі выступленнямі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Ілья Сянатараў і Сяргей Назараў, супрацоўнікі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання Аксана Кучынская, Святлана Шэк, Наталля Астроўская. У выніку перамагло сяброўства. ніводная з канкурсантак не засталася без памятнага медаля. Скончылася вечарына сумесным чаяваннем і ўзаемнымі падарункамі. Свае віншаванні прадстаўніцам прыгожай паловы калектываў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання, выхаванцам гэтых устаноў, членам міні-праекта выказала дырэктар ТЦСАН Тамара Смірнова. У дачыненні да ўдзельніц і арганізатараў свята Таццяна Дробыш падкрэсліла: «Вы даяце нам прыклад актыўнага, паўнацэннага жаночага жыцця!»
Вольга Бандарэвіч.