Радость, когда в доме звучит детский смех, утверждают Мария и Сергей Биль

Вялікая радасць, калі ў доме гучыць дзіцячы смех, сцвярджаюць сужэнцы Біль, жыхары райцэнтра. Гэту радасць яны адчуваюць кожны дзень: Марыя і Сяргей шчаслівыя бацькі траіх цудоўных дзетак.

Сын і дзве дачушкі – галоўнае ўпрыгожванне нашай сям’і, адзначае Марыя. «Дзеці напаўняюць жыццё сэнсам, — працягвае яна. – І як бы банальна не гучала, прымушаюць будаваць планы на будучыню».

 Без малога 12 гадоў Марыя і Сяргей ідуць разам па абраным жыццёвым шляху. Самі яны сенненцы. Шукаць шчасця ў вялікі горад не паехалі. Сям’ю вырашылі будаваць на малой радзіме, дзе побач блізкія людзі, сябры. Яны не з тых, хто лічыць, што маленькія гарады абмяжоўваюць самаразвіццё і звужа­юць гарызонт даступнасці да камфортнага існавання. Чалавек — творца свайго жыцця, упэўнены сужэнцы Біль. Няма нічога недасягальнага. І з гэтым проста нельга не пага­дзіцца.

 Сяргей працуе ў ПС «Сянно» слесарам. Марыя знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. Самай маленькай Альміне толькі ў жніўні споўніцца тры. Тады маці выйдзе на сваё былое працоўнае месца архіварыўса ў Сенненскае бюро Аршанскага філіяла РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру».

 Пра тое, што ў сужэнцаў будзе вялікая сям’я, — яны ніколі не загадвалі. Праўда, што значыць быць у бацькоў не адным, добра ведаў Сяргей, бо апроч яго ў сям’і выхоўвалася ячшэ двое – брат і сястра.

 «Вялікая сям’я – нагода перагледзіць жыццё, — адзначае Марыя. — Яшчэ да нараджэння Альміны ў нас усё было зусім інакш. Старэйшы Ваня клапаціўся пра малодшую Дашу. А мы з мужам, як і ўсе бацькі, жылі жыццём сваіх дзяцей, рабілі ўсё, каб яны раслі здаровымі і шчаслівымі. Усё ў раз памянялася, калі з’явілася яшчэ адна дачушка». Расказваючы пра гэта, асаблівы бляск з’яўляўся ў вачах Марыі. Адчувалася неймаверная мацярынская пяшчота ў словах.

 Кватэра ў цэнтры горада, у якой жыве сям’я, здалася маленькай. Было вырашана заняцца рэканструкцыяй дома, які дастаўся Марыі ад бабулі. Цяпер тут чатыры ўтульныя пакоі, зроблена прыбудова. Пакуль сям’я яшчэ не пераехала сюды на пастаяннае месца жыхарства, але кожныя выхадныя яны право­дзяць тут. Свежае паветра, вялікая тэрыторыя, дзе для дзяцей бацькі ўсталявалі батут і басейн.

 Дзеці ніколі для нас не былі цяжарам, адзначаюць Біль. Ужо пасля нараджэння Альміны Сяргей і Марыя атрымлівалі спецыяльнасць ва ўстановах адукацыі. Па чарзе ездзілі здаваць экзамены. Безумоўна, шмат у чым дапамагалі і бацькі ў гэты перыяд. Але Біль імкнуцца з усім спраўляцца самі. Да самастойнасці ўжо з малых гадоў прывучаюць і сваіх дзетак. Лічаць, што гэта адзін з важных аспектаў выхавання, які ўплывае на паспяховасць у дарослым жыцці.

 Сям’я – гэта, у першую чаргу, вялікая праца, якую нельга адкладваць. А добрая шчаслівая сям’я трымаецца на каханні, павазе, даверы адзін да аднаго. Сям’я Біль – таму прыклад.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.