Яго дамы — яго багацце!

Ураджэнец Брэсцкай вобласці Дзмітрый  Паўлавіч Таненя  даўно прыжыўся ў нашым Сянно. Працуе на яго карысць і дабрабыт. Калісьці Дзмітрый скончыў Віцебскі політэхнікум, дзе набыў прафесію электратэхніка.

 Аднак лёс свой  з электрычнасцю не звязаў. Стаў будаўніком. І не шкадуе. «Гэта ж так здорава, калі чыстае, пустое поле становіцца будаўнічай пляцоўкай, і на ім праз 3-4 месяцы ўжо стаяць домікі, цэлая вуліца. Потым іх заселяць людзі, зазвініць дзіцячы  смех.  Адным словам, на месцы пустэчы закіпіць жыццё», — гаворыць майстар будаўніча-мантажных работ УП «Сяннобудмеліяводгас» Д.П.Таненя.

 Раней  Дзмітрый Паўлавіч  працаваў у гэтай жа арганізацыі інжынерам-дыспетчарам, энергетыкам. Быў час, калі ад’язджаў на заробкі ў Расію. Але зноў вярнуўся ў родны калектыў, дзе працуецца намнога лягчэй, дзе заўсёды пануе атмасфера разумення, даверу, гатоўнасці прыйсці на дапамогу. Задавальненне атрымліваеш менавіта ад таго, што будуеш на сваёй зямлі, для сваіх людзей, зазначае майстар.

 Па ўсяму раёну  стаяць аб’екты, у якія ўкладзена  часцінка працы Дзмітрыя Паўлавіча. Таму і ганарыцца будаўнік сваёй справай.

 На здымку: майстар будаўніча-мантажных работ УП «Сяннобудмеліяводгас» Т.П.Таненя.

Тэкст і фота

Таццяны Бураковай