Бракуе рэкламы

На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў народныя выбраннікі аналізавалі работу КУПБА “Прэстыж” і камбіната кааператыўнай прамысловасці раённага спажывецкага таварыства. Як сведчаць эканамічныя паказчыкі, названыя прадпрыемствы значных дывідэндаў ад сваёй работы не маюць. Больш таго, многія віды паслуг нават пры дзяржаўнай падтрымцы прыносяць страты. Чаму? Высветліць сітуацыю, выступіўшы ў ролі  звычайных кліентаў бытавікоў, напярэдадні сесіі паспрабавала група дэпутатаў райсавета. Разам з В.Дзергачовым, У.Кадышам, Г.Сіпаравай у сенненскім камбінаце бытавога  абслугоўвання і КУПБА “Прэстыж” пабывалі М.Беразнева, супрацоўніца раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, і аўтар гэтых радкоў.

 Пры ўваходзе ў будынак сенненскага КБА ёсць стэнд з распарадкам работы  цырульні, майстэрні па рамонце абутку, швейнага атэлье, фатаграфіі. Інфармацыя  аб рэжыме пракату, аддзела рытуальных паслуг адсутнічае.

 І гэта далёка не поўны пералік недахопаў інфармацыйнага характару. Кліент не знойдзе поўнай інфармацыі пра віды паслуг. У атэлье, дзе шыюць даволі прывабныя знешне і па цане дэмісезонныя паліто для мужчын, адсутнічае каталог узораў. У цырульні няма пераліку мадэляў стрыжак. На дзвярах мужчынскай залы вывешаны санітарныя патрабаванні да знешняга выгляду кліентаў. Што ў гэтым плане наведвальнік павінен атрымаць ад майстра-цырульніка, невядома. Адсутнічае неабходная інфармацыя аб наяўнасці гатовай прадукцыі. Маюцца недахопы арганізацыйнага  характару. У прыватнасці многія паслугі аказваюцца без уліку працягласці рабочага дня і перапынку на абед большасці гарадскіх арганізацый і ўстаноў.

 Патрабуюць паляпшэння ўмовы працы работнікаў КБА. У памяшканнях халаднавата. Жанчыны  пад спецадзенне апранаюць футравыя камізэлькі. У будынку няма спецыяльных кранаў для забеспячэння людзей пітной вадой. Не працуе выцяжная вентыляцыя.

 Некаторыя станоўчыя зрухі ў паляпшэнні бытавога абслугоўвання назіраюцца на сельскіх комплексна-прыёмных пунктах. У вёсцы Рулёўшчына загадчыца КПП Л.Занько з мясцовым насельніцтвам працуе мэтанакіравана, што прыносіць добры эканамічны эфект, садзейнічае выкананню планавых заданняў. Работніца мае добрую прафесійную падрыхтоўку, сама ідзе насустрач кліенту.

 У іншых вёсках (Сінягорскае, Ходцы) акрамя асноўных бытавых паслуг на КПП рэалізуюцца тавары паўсядзённага попыту. Падобная практыка станоўча адбіваецца на вытворчых паказчыках КБА.

 У багушэўскіх бытавікоў таксама хапае праблем, у многім аналагічных выяўленым у Сянно. У першую чаргу, гэта звязана з недахопам інфармацыі аб паслугах і таварах. Дэпутаты выказалі таксама рэкамендацыі аб пераносе дыспетчарскай службы, рабочага месца прыёмшчыка заказаў на першы паверх будынка. Мабыць, дарэчы было б перанесці туды ж вытворчыя аб’екты, якія знаходзяцца ў адміністрацыйным будынку КУПБА “Прэстыж”. Тым больш, што частка памяшканняў КБА ў Багушэўску здаецца ў арэнду ці не выкарыстоўваецца. Канцэнтрацыя ўсіх вытворчых магутнасцей у адным месцы таксама садзейнічала б якасці абслугоўвання насельніцтва, паляпшэнню эканамічных паказчыкаў прадпрыемстваў. Як станоўчы момант, дэпутаты адзначылі, усе іх пажаданні кіраўніцтвам прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання ўспрыняты з разуменнем. А таму насельніцтва раёна можа спадзявацца, што ўжо ў бліжэйшы час шырокая інфармацыя аб паслугах і таварах бытавікоў будзе размешчана не толькі ў сродках масавай інфармацыі, але і на стэндах, якія з’явяцца на аўтастанцыі, пры ўваходзе ў адміністрацыйныя будынкі бытавікоў, у месцах масавага знаходжання людзей.

Аляксандр Лазюк.