Лепшыя валейбалісты ў Машчонах

Ужо не першы месяц ідуць спаборніцтвы па валейболе сярод працоўных калектываў раёна. Ад дарослых не адстаюць і дзеці. Традыцыйны турнір па валейболе, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў у першай сенненскай школе.

 Удзел у ім прынялі 4 каманды: Машканскай, Беліцкай, Машчонскай і першай Сенненскай школ. Права падняць сцяг турніру дасталося Сяргею Распорскаму, вучню Машчонскай СШ. У мінулым годзе менавіта ў гэтай навучальнай установе захоўваўся  пераходны кубак турніру.

 Ганаровымі гасцямі  спаборніцтва былі намеснік ваеннага камісара раённага ваеннага камісарыята Дзміт­рый Ермакоў, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч. Падтрымаць маладых спартсменаў прыйшоў  галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама і заўзяты валейбаліст Аляксандр Волк.

 Гульні працягваліся пяць гадзін. Усе каманды паказалі добрую падрыхтоўку і, зразумела, не хацелі здавацца. Між тым, пераходны кубак зноў дастаўся вучням Машчонскай школы. На другім месцы апынуліся спартсмены з Сянно, трэцяе — заваявалі машканцы. У якасці прызоў яны атрымалі па новым валейбольным мячы.

Кацярына КАРПОВІЧ.