Будаўнік – жаночая прафесія?!

Аліса Віктараўна Глухарова — галоўны бухгалтар УП «Сяннобудмеліяводгас». У будаўнічай арганізацыі з дня яе заснавання. За 31 год работы была тынкоўшчыкам-маляром, нарміроўшчыкам, інжынерам па працы і заработнай плаце. Адным словам, будаўніцтва ведае не па чутках.

 Хаця ў гэту сферу прывяла яе не дзіцячая мара ці нейкая асаблівая  цяга да будаўнічай справы. Паступіць  у Наваполацкае ГПТВ-83 прымусіла жыццё. Моцна здзівіліся ў прыёмнай камісіі вучылішча, калі маладая дзяўчына  прадставіла школьны атэстат з адзнакамі «4» і «5» (на той час  10-бальнай сістэмы ацэнак  яшчэ не было). Аднак неардынарнае, на погляд камісіі, рашэнне выпускніцы тлумачылася даволі простай прычынай. Яе маці адна гадавала сямёра дзяцей. Аліса была старэйшая. Дапамогі чакаць  ні адкуль не прыходзілася. У ПТВ ж навучэнцы знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні.  Прафесію можна было набыць хутчэй. Пайсці, як кажуць, на свой хлеб і маці яшчэ дапамагаць.

 Вучылішча скончыла з адзнакай — «чырвоным» дыпломам. Была магчымасць без экзаменаў стаць студэнткай Беларускага політэхнічнага інстытута: вучылішча дало  адпаведную даведку. Але вучобу прыйшлося адкласці на потым. Замест вну па размеркаванні пайшла працаваць тынкоўшчыкам-маляром у Сенненскую ПМК-10.

 Будаўнічая арганізацыя за тры дзесяцігоддзі зведала і спады, і ўзлёты. Але Аліса Віктараўна не стала шукаць  лепшага месца пад сонцам. Ва ўсе часы працавала сумленна. І цяпер лічыць, што ў любой справе, вялікая яна ці малая, павінен быць парадак.

 УП «Сяннобудмеліяводгас» па раённых мерках арганізацыя немаленькая, калектыў 198 чалавек. Адпаведныя і аб’ёмы работ. Напэўна, у маленькай арганізацыі працаваць лягчэй, пытаюся ў Глухаровай.  З малымі ці з вялікімі лічбамі працуеш, іх усё роўна трэба «звесці», каб атрымаць дакладны баланс. І ўлік заўсёды павінны быць дакладны, адказвае вопытны работнік.

 Поўнасцю давярае свайму галоўнаму фінансісту дырэктар прадпрыемства В.А.Ступаневіч, калі гаворыць: «Я кірую ў вытворчых і арганізацыйных пытаннях, а Аліса Віктараўна — у фінансавых».  А работнікі арганізацыі сцвярджаюць, што працаваць з такім галоўным бухгалтарам — адно задавальненне.  Да яе можна звярнуцца з любым пытаннем і атрымаць вычарпальны кампетэнтны адказ, слушную параду, неабходную падказку. Добра, што ёсць чалавек, на дапамогу якога можна заўсёды разлічваць, —  адчуваеш сябе больш упэўнена, лічаць калегі Алісы Глухаровай.

  Адказным адносінам да працы і жыцця  вучыла маці і сваіх дзяцей. Яны ўжо дарослыя, маюць сем’і. Дачка скончыла тэхналагічны тэхнікум, працуе ў ААТ «Кераміка». У яе падрастае сынок, 6-гадовы Стасік, — бабуліна радасць. Сын Алісы Віктараўны оперработнік Ушацкага РАУС. А нявестка працуе фельчарам «хуткай дапамогі» ў Сянно. Баліць душа ў маці і свекрыві за тое, што маладая сям’я вымушана жыць паасобку, хочацца, каб сітуацыя хутчэй змянілася.

 А яшчэ чакае жанчына, каб хутчэй прыйшло лета. Тады можна будзе зноў заняцца агародам. Любіць садзіць і сеяць, даглядаць расліны, назіраць, як яны  развіваюцца і пладаносяць. Уся гародніна расце  ва ўмелай гаспадыні заўсёды на славу. Радуюць вока кветкі.  Усміхаецца навакольнаму свету і Аліса Глухарова, лічыць, што жыццё яе ўступіла ў светлую паласу.

Таццяна Буракова.

 На здымку: галоўны бухгалтар УП «Сяннобудмеліяводгас» А.В.Глухарова.