Медики Сенненщины подтвердили звание называться лучшими

Па выніках раённага конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю перамагла прафсаюзная пярвічка УЗ «Сенненская цэнтральная раённая бальніца».

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 12 пярвічак раёна. Другое месца за пярвічкай ДУА «Машканская яслі-сад – сярэдняя школа», трэцяе – ДРБУ-146.

 І тое, што медыкі сталі лепшымі, невыпадкова. Яны заўсёды даказвалі і даказва­юць, наколькі яны згуртаваныя, актыўныя. Дарэчы, у апошні раз, калі праводзіўся конкурс, а гэта было ў 2018 годзе, яны таксама занялі першую прыступку п’едэстала.

 Агульны ахоп прафчленства тут складае 98,8%. У тым, што работа пярвічкі вядзецца на высокім узроўні, вялікая заслуга яе старшыні Крысціны Гарчынскай, якая вось ужо чацвёрты год узначальвае яе. Як адзначыў Анатолій Ананенка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, Крысціна Антонаўна з асаблівай адказнасцю адносіцца да выканання грамадскіх абавязкаў.

 «Яна заўсёды граматна і прафесійна прымае рашэнні па тым ці іншым пытанні, знаходзіць правільнае выйсце з любой сітуацыі, — гаворыць Анатолій Уладзіміравіч. – Змагла згуртаваць вакол сябе актыў і ўсю прафсаюзную пярвічку».

 Дзелавыя і арганізатарскія якасці Крысціны Гарчынскай дапамагаюць у працы з людзьмі. Ні адно раённае мерапрыемства, дзе заяўлены медыкі, не абыходзіцца без прафсаюзнага лідара. Трэба толькі ўспомніць конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў «Лепшы па прафесіі». Яна заўсёды ў зале з групай падтрымкі, часта ўзнімаецца на сцэну, каб падзякаваць сваім  калегам за ўдзел. На старт традыцыйнага лёгкаатлетычнага прабегу памяці П.М.Машэрава каманду спарт­сменаў-аматараў ад ЦРБ, якія бяруць з сабой і сваіх дзетак, заўсёды ўзначальвае Крысціна Антонаўна.

 На высокім узроўні ў сценах установы аховы здароўя праходзяць сустрэчы з калектывам у рамках віншаванняў з нагоды святаў, такіх як Дзень абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка, Дзень маці і іншых. Знаходзяць час медыкі і на экскурсіі. Напрыклад, у мінулым годзе наведалі аквапарк «Лебяжий» у Мінску.

 «Быць лідарам прафсаюзнай пярвічкі – гэта вялікая і цікавая работа. А работа ладзіцца тады, калі бачыш водгук і адчуваеш падтрымку сваіх калег, — гаворыць Крысціна Антонаўна. – Безумоўна, вялікую ролю аказвае і наймальнік. Адчувальная дапамога і з боку нашай абласной прафсаюзнай арганізацыі. Вось так, да прыкладу, на матэрыяльныя сродкі, выдзеленыя ёю, былі набыты фільтры для ачысткі вады. Цяпер кожны работнік і нашы пацыенты ўжываюць ачышчаную ваду. З года ў год умовы працы супрацоўнікаў паляпшаюцца, таму, адпаведна, і адносіны людзей да прафсаюза толькі станоўчыя, захоўваецца аўтарытэт грамадскай суполкі».

 «Мы – разам» – такі слоган прафсаюзнага руху. Менавіта яго і прытрымліваюцца члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі бальніцы. І, як паказваюць вынікі конкурсу, у гэтым няма ніякага прымусу: усё, што яны робяць, ідзе ад чыстага сэрца.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота прадастаўлена К.Гарчынскай.