Районный конкурс профессионального мастерства «Лучший по профессии-2021» прошел на Сенненщине

Раённы конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы па прафесіі-2021» сярод працоўнай моладзі да 31 года і маладых спецыялістаў прайшоў на Сенненшчыне.

Традыцыйна месцам яго правядзення стаў РЦКіНТ. Прыемна адзначыць, што на гэты раз заяўкі на ўдзел у ім падалі 7 канкурсантаў. Спецыялісты з розных сфер дзейнасці прадстаўлялі свае прафесіі.

Тое, што маладосці адкрыты ўсе дарогі, па плячы ўсе рэкорды і вышыні, галоўнае – захацець, даказвалі Аліна Хлышчанка, выхавацель ясляў-сада №1 райцэнтра, Таццяна Гарбачова, выкладчык па класу фартэпіяна Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў, Кацярына Дашкевіч, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Сенненскай ЦРБ, Глеб Вараб’ёў, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС, Яўгеній Шылько, настаўнік матэматыкі першай гарадской школы, Дзмітрый Сінякоў, аграном-хімік СУП «Саўгас імя Машэрава», Дзмітрый Ціханаў, акампаніятар РЦКіНТ.

 Наша моладзь – гэта пакаленне ініцыятыўных, энергічных, культурных людзей, якія імкнуцца да лепшага.

І гэта не проста словы. Адпрацаваўшы колькі часу ў раёне, усе маладыя людзі, якія выходзілі ў гэты дзень на сцэну, сваёй працай паспелі пацвер­дзіць гэтыя словы. А некаторыя з іх і пабываць на старонках нашага выдання. Нашай увагі, як вядома, удастоены лепшыя.

 На гэты раз конкурс прайшоў па абноўленай праграме. Для ўдзельнікаў арганізатары мерапрыемства, а ім выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, падрыхтавалі пяць рознапланавых заданняў.

Канкурсанты прадстаўлялі сваю візітоўку, расказваючы пра сябе, творчы нумар, адказвалі на відэапытанні кампетэнтных людзей, дзяліліся нюансамі сваёй працы праз відэазамалёўкі. Улічваючы тое, што мерапрыемства праходзіла напярэдадні Новага Года, у якасці своеасаблівага падарунка  гледачам з боку ўдзельнікаў стаў агульны святочны танцавальны флэш-моб.

 Конкурс прайшоў, дарэчы, як і заўсёды на высокай, узнёслай ноце. Групы падтрымкі не шкадавалі апладысментаў. А кіраўнікі некаторых арганізацый нават былі задзейнічаны на сцэне.

Як, у прыватнасці, Алена Цярэшка, загадчык ясляў-сада №1. Яе вобраз старухі Шапакляк літаральна з першых хвілін конкурсу падняў настрой гледачам.

Зладжанае выступленне, падтрымка калег і сталі вызначальнымі ў перамозе Аліны Хлышчанка. Дзяўчына не хавала радасці: гэта яе першая вялікая перамога на раённай сцэне. Спадзяёмся – не апошняя.

 Па выніках конкурсу спецыяльнага прызу ад РК ГА «БРСМ» была ўдастоена Таццяна Гарбачова. А прыз глядацкіх сімпатый быў прысу­джаны Кацярыне Дашкевіч.

 

Усе канкурсанты атрымалі памятныя дыпломы ўдзельнікаў. А невялічкія прэзенты ад пярвічак прафсаюзных арганізацый, дзе яны працуюць, будуць нагадваць пра тое, што яны адстойвалі гонар сваёй прафесіі. У такіх конкурсах няма прайграўшых – тое, што маладыя людзі выйшлі на сцэну расказаць пра сябе, гэта ўжо і ёсць перамога.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.