Изделия юного мастера, сенненца Виталия Матюшкова, привлекают внимание любого человека

Ва ўмелых руках сенненца Віталія Мацюшкова салома нібы ажывае.

Колькі часу крапатлівай працаёмкай работы — і гатовы выраб з залацістага матэрыялу красуецца на стале. Кожная кампазіцыя хлопчыка — адлюстраванне яго ўнутранага я і своеасаблівы доказ грамадству, што дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця схільныя да мастацтва. І тое, што атрымліваецца ў іх — не горш, чым у адораных дзяцей, адзначае Валянціна Каржыцкая, намеснік дырэктара Сенненскага РЦДіМ. “Наш Віталік — малайчына, — гаворыць Валянціна Віктараўна. — Яго рукатворныя вырабы сапраўды заслугоўваюць увагі”.

  Хлопчык атрымлівае адукацыю ў цэнтры карэкцыйна развіваючага навучання і рэабілітацыі. Пяты год займаецца ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, наведвае гурткі “Сундучок творчества” і “Золотая соломка”, кіраўніком якіх з’яўляецца Галіна Жаркова. Гэта старанны хлопчык, не хавае педагог. “Яго мэтанакіраванасці можна пазайздрос­ціць, — адзначае яна. — Пачатую справу заўсёды давядзе да канца, нягледзячы на тое, што часам прыходзіцца вельмі нялёгка”.

Ён асвоіў не толькі тэхніку саломапляцення, але і ручнога ткацтва. І няхай вывучыў толькі самыя простыя моманты работы на рамцы, крузе, тым не менш, асновы ён ведае. Больш таго, працуе з паперай, файмеранам, робіць аб’ёмныя аплікацыі з элементамі тэхнічнай творчасці. Добра спраўляецца з бісерам, вышывае. Вырабляе ўнікальныя рэчы з нітак і джуту. Стварае маленькія шэдэўры з другаснай сыравіны.

На занятках у РЦДіМ Віталік развіваецца ўсебакова. Я кожны раз бачу ў яго вачах запал, неабыякавасць да ўсяго, што ён робіць, прызнаецца Галіна Жаркова. Аднаго разу дастаткова для таго, каб Віталік запомніў і потым узнавіў тое, што паказвае педагог.

Хлопец не спыняецца на дасягнутым. Яшчэ і заняўся асваеннем майстэрства вязання. І галоўны настаўнік у гэтай справе — яго маці, расказвае Галіна Жаркова.

Свае работы Віталік, як правіла, дорыць сябрам і блізкім людзям з нагоды розных святаў. Знаходзяцца сярод сенненцаў і тыя, хто не супраць нават набыць рукатворныя вырабы юнага майстра.

Шмат чаго цікавага, новага для сябе хлопец разам з іншымі выхаванцамі Галіны Міхайлаўны даведваецца з майстар-класаў, арганізаваных спецыяльна для іх супрацоўнікамі Дома рамёстваў. Юныя сенненцы тут частыя госці.

Безумоўна, займацца ў гуртку дзеля ўласнага самаразвіцця і ёсць тая галоўная мэта, якая і стаіць перад кожным дзіцём. Удвая прыемна, калі тваю работу станоўча ацэніць не толькі твой кіраўнік, але і спецыялісты. І гэта я пра тое, што работы Віталіка не застаюцца незаўважанымі. Пры непасрэднай падтрымцы Галіны Жарковай ён удзельнічае ў розных творчых конкурсах. Тут трэба адзначыць, што яго кампазіцыі разглядаюцца нароўне з работамі дзяцей, якія атрымліваюць адукацыю ў агульнаадукацыйных школах. Вось, да прыкладу, у гэтым годзе ў абласных конкурсах “Мая гістарычная спадчына” і “Божы свет вачыма дзяцей” у намінацыі “Велікоднае яйка” хлопчык станавіўся дыпламантам трэцяй ступені.

Сёння намаганні Віталіка накіраваны на выраб навагодніх работ, а таксама на падрыхтоўку да конкурсаў, такіх як “Вясёлкавы карагод”, “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазіі”.  Пасля знаёмства з Віталікам, пабачыўшы яго работы, упэўнена, кампазіцыі, якія ён прадаставіць на суд журы, будуць прыгожымі, сумясцяць у сабе неймаверную душэўную цеплыню юнага творцы.

Поспехаў табе, Віталік.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.