О Матрене Маркевич и Михаиле Кацере расскажут в Италии

Шмат выбітных людзей, імёны якіх  вядомы ў Беларусі, нарадзіліся на Сенненшчыне. Сёння ёсць нагода ўспомніць Міхаіла Кацара, прафесара, доктара мастацтвазнаўства, этнографа.

Ён быў адным з першых вучоных у СССР, які адкрыта ўказваў на самабытнасць і арыгінальнасць беларускага мастацтва. Менавіта дзякуючы яго намаганням вытканы ў 1917 годзе ўзор сёння ўжо добра вядомай Матронай Маркевіч узяты за аснову арнаменту на дзяржаўным сцягу нашай краіны.

7 лістапада споўнілася б 115 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Кацара. Напярэдадні ў рэдакцыю “ГС” звярнулася яго нявестка Дзіна Пракопаўна з просьбай нагадаць сенненцам пра іх земляка, пра той унёсак, які ён зрабіў на ніве культурнай дзейнасці.

Міхаіл Кацар нарадзіўся ў вёсцы Клімавічы Сенненскага раёна ў  сялянскай сям’і Сяргея Маркаянавіча і Феадосіі Аляксандраўны. Ён быў пятым дзіцём з васьмі. Кацары жылі дружна, весела. Па вечарах спявалі народныя песні. Дзяўчаты рыхтавалі сабе пасаг: ткалі посцілкі, абрусы, вышывалі ручнікі. І ўсе гэтыя рэчы ўпрыгожвалі рознакаляровым арнаментам.

Дадзеныя факты з гісторыі жыцця Міхаіла Сяргеевіча Дзіна Пракопаўна ўзяла з захаваўшыхся ў іх сям’і ўспамінаў, напісаных у вучнёўскім сшытку рукой самога этнографа. Паводле іх, працаваць ён пачаў з 7 гадоў. Дапамагаў бацьку. Пасталеўшы, уступіў у камсамол. У свой час быў сакратаром камсамольскай арганізацыі Нямойтаўскай ячэйкі. У 1928 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. “Гэтага моманту ён чакаў, — адзначае Дзіна Пракопаўна. — Чакаў чагосьці новага, нязведанага. Быў задаволены тым, што стане чырвонаармейцам. Яго накіравалі ў 33-ці артылерыйскі полк у г. Магілёў курсантам. Служылася добра, праяўляў сябе ў мастацкай самадзейнасці. Шмат чытаў рускіх класікаў, праводзіў палітзаняткі”. З успамінаў Міхаіла Кацара: “Я старался служить, но главной моей мечтой было поступление в вуз. Помню один эпизод: умер Маяковский, и, чтобы узнать, что случилось, я оседлал коня и поехал в город искать газету. Подъехал к киоску не слезая с коня, что было неудобно и запрещалось. Прибежал милиционер, приказал слезть с лошади, но я ослушался. Пришпорил коня и уехал, за что получил 3-е суток. Командир поругал, но и похвалил за то, что интересовался судьбой Маяковского. Читали в армии много, говорили о борьбе белорусов в Западной Беларуси, горели ненавистью к польским оккупантам, которые угнетали наших братьев белорусов…

Мечта исполнилась, поступил в институт, но война все перечеркнула. Враг рвался к Москве, бои были тяжелые. Я был политруком 525 противотанкового полка… На северо-западе от Москвы, на окраине г.Клин меня тяжело ранило в ноги. Каким-то чудом заполз в сарай к старику Краюшкину, где он оказал мне помощь. Вскоре меня отправили в госпиталь в г. Ош, Киргизия. На фронт  больше не вернулся — был не годен по ранению. Снова Москва, продолжал учебу.

В 1945 после освобождения Беларуси направлен в Минск начальником инспекции отдела охраны памятников архитектуры при Совете Министров БССР”.

Дзеці часта прасілі яго расказаць пра вайну, зверствы фашыстаў, раскопкі магіл, дзе жывымі былі пахаваны людзі, разбурэнні культурных каштоўнасцяў у Беларусі, гаварыла Дзіна Пракопаўна. “Без асаблівага энтузіязму ён вяртаўся да гэтых успамінаў, — адзначала яна. — Але ад тых апавяданняў стыла кроў”.

За час сваёй навуковай дзейнасці ён напісаў не адну кнігу: “Беларуская архітэктура”, “Скульптура Савецкай Беларусі”, “Нарысы па гісторыі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі” і інш. І сёння па іх вучацца студэнты. Жыццё Міхаіла Кацара трагічна абарвалася ў 1995 годзе, у выніку пажару ў яго дачным доміку ў в. Крыжоўка, што непадалёк ад Мінска. А праз год, у 1996 годзе, пабачыла свет яго апошняя кніга “Беларускі арнамент: ткацтва, вышыўка”. Тут сабраны ўнікальны матэрыял пра народнае ткацтва і вышыўку. Пабываўшы ў малавядомых (на той час) куточках нашай краіны, Міхаіл Кацар апісаў, як жывуць у іх людзі, паказаў вырабы мясцовых майстрых. Праца праілюстравана вялікай колькасцю фотаздымкаў. Гэта кніга — вынік творчай работы ўсяго жыцця этнографа, гаварыла Дзіна Пракопаўна.

Міхаіл Сяргеевіч ведаў шмат знакамітых людзей. Як сямейную рэліквію жанчына захоўвае шматлікія фотаздымкі, дзе можна ўбачыць яе свёкра ў акружэнні навукоўцаў, пісьменнікаў Беларусі. Больш таго, яна збірае матэрыялы, у якіх упамінаецца Міхаіл Кацар, а таксама яго сястра Матрона Маркевіч. Прыемна, што побач з газетнымі выразкамі рэс­публіканскіх выданняў ёсць і матэрыялы, што друкаваліся на старонках “Голасу Сенненшчыны”. Ужо аформлена змястоўная папка. Як падзялілася Дзіна Пракопаўна, у хуткім часе яна перадасць яе сваёй дачцэ, якая пражывае ў Італіі. Беларускае пасольства ў Рыме зацікавілася інфармацыяй аб вытоках беларускага арнаменту на дзяржаўным сцягу нашай краіны, аб людзях, якія мелі дачыненне да гэтага.

Пра Матрону Маркевіч і Міхаіла Кацара будуць гаварыць у Італіі. І гэта ганарова не толькі для іх нашчадкаў. Безумоўна, вялікі гонар і для ўсіх сенненцаў. Даведацца пра лёс нашага земляка можна, завітаўшы ў раённы краязнаўчы музей. Тут аформлена спецыяльная экспазіцыя, дзе змешчаны некаторыя асабістыя рэчы Міхаіла Кацара, якія калісьці супрацоўнікам культурнай установы і перадала Дзіна Пракопаўна.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фотаздымкі аўтара і прадастаўленае Дзінай Кацар.