Жизнь людей с ограниченными возможностями тоже может быть интересной доказывает Александр Щёткин

Чалавек з інваліднасцю па зроку па-свойму ўспрымае свет, але гэта не значыць, што ён пазбаўлены тых радасцяў, якія даступны відушчым людзям. Лепшы доказ таму – жыхар аг. Ходцы Аляксандр Шчоткін.

 

Аляксандр Яфрэмавіч страціў зрок яшчэ ў дзяцінстве, аднак мужчына змог атрымаць адукацыю, абзавесціся сям’ёй і прафесіяй. А пасля выхаду на пенсію па інваліднасці ў яго быццам адкрылася другое дыханне. Яго аптымізму і жыццёвай энергіі могуць пазайздросціць многія цалкам здаровыя людзі. У свае 65 ён мае нямала захапленняў, ўцягвае ў іх  і сваіх унукаў, якіх, дарэчы, у яго 11.

 На Сенненшчыну мужчына прыехаў у 1986 годзе, калі зкончыў ветэрынарны інстытут. Родам ён з Віцебскага раёна. Пасля заканчэння вучобы працаваў у Ходцах па спецыяльнасці. Потым там жа займаў пасаду загадчыка аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Гэта і было яго апошнім месцам працы. Затое сёння ён мае магчымасць займацца справамі па душы. Адной з такіх з’яўляецца рыбалка.

 — Гэтае хобі — лепшая магчымасць адпачыць ад што­дзённай мітусні. Мне падабаецца не столькі вынік, колькі сам працэс, магчымасць пасядзець у цішы, якая перыядычна перарываецца спевам птушак, цурчаннем вады. У такія моманты асабліва адчуваю сувязь з прыродай, —кажа мой суразмоўца.

 На што лепей клюе шчука, як правільна ўсталяваць жэрліцы, каб улоў быў добры, і якая падкормка найлепшая — пра гэта ён ведае літаральна ўсё.

 Жыць паўнавартасным у разуменні здаровага чалавека жыццём людзі з абмежаванымі магчымасцямі, вядома ж, не могуць. Аднак яны цалкам здольныя адаптавацца да гэтага свету, блага, у наш час спосабаў і магчымасцяў для гэтага мноства. І гэта мужчына дэманструе на ўласным прыкладзе. Аляксандр Яфрэмавіч за жыццё зрабіў не адну аперацыю на вочы, пасля апошняй стаў у разы лепш бачыць. Паводле яго слоў, зусім хутка рыхтуецца да наступнай. А зусім нядаўна ён набыў тэлефон з дадаткам  для слабавідушчых і невідушчых людзей і паспяхова ім карыстаецца.

 Аляксандр Шчоткін даўно з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання «БелТІЗ», прымаў удзел у конкурсе «Што? Дзе? Калі?» у Оршы, у праекце «Сямейны альбом», ездзіў на Рэспубліканскі драматургічны агляд. А зусім нядаўна да Дня маці Шчоткіны падрыхтавалі відэа – віншаванне для супругі, дзе размясцілі знакавыя для іх сям’і моманты.  

 — Мне вельмі цікава ўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах. І нават не дзеля  таго, каб заняць нейкае прызавое месца. Хачу паказаць, што няма нічога немагчымага, — сцвярджае ён.

 Жыццё людзей з абмежаваннямі таксама можа быць цікавым і актыўным. Менавіта гэта як лозунг і нясе па жыцці Аляксандр Шчоткін. 

 — Дзеці, унукі, жонка – усе яны  мяне падтрымліваюць, натхняюць. Самаму старэйшаму сыну зараз 40 гадоў, малодшай дачцэ – 23, старэйшаму ўнуку — 15, а маленькай унучцы нядаўна споўнілася тры гады. Яны разам з дачкой зараз жывуць з намі, — дзеліцца мужчына. — Кожны дзень бачу, як малая падрастае, пазнае свет. Калі назіраю за гэтым, хвароба адыходзіць на другі план. З імі я маладзею.

 Ксенія КРУПСКАЯ.