Жизнь не зависит от цифр в паспорте

З выхадам на пенсію ўсё самае цікавае толькі пачынаецца, упэўнена жыхарка гарадскога пасёлка Багушэўск Роза Марыніч, якая даўно ўжо на заслуговым адпачынку.

Свой паважаны ўзрост успрымае, як кажуць, адэкватна —знайшла гармонію з сабой і без сарамлівасці гаворыць, колькі ёй гадоў. Гэта жыццярадасная, таварыская жанчына з аптымізмам глядзіць на свет. Адзначае, што жыццё сёння нават цікавейшае, чым было да выхаду на пенсію. Раней заўсёды катастрафічна не хапала часу на свае інтарэсы. Зараз жа яна занята тым, да чаго калісьці не даходзілі рукі і што па-сапраўднаму падабаецца. Добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка, праца на сваіх сотках, кветкаводства, закаткі на зіму і яшчэ шмат таго, што сёння яна робіць з асаблівым задавальненнем, і напаўняе яе дзень. А пачынае яна яго з ранішняй зарадкі. Пра яе плюсы можа гаварыць гадзінамі. Не хавае — менавіта невялічкай фізічнай актыўнасці і не хапала.

«Статус «пенсіянер» ніякім чынам не паўплываў на маё жыццё. Скажу з упэўненасцю: гэты перыяд для мяне ў некаторай ступені нават лепш за маладосць, — смяецца Роза Васільеўна. — І ў першую чаргу, не ад таго, што з’явілася больш часу. Самае галоўнае — з кожным новым днём прыбаўляецца вопыт».

Сумаваць жанчына не ўмее. Ды і часу няма — заўсёды ў справах, дадае Інга Глебава, загадчык аддзялення дзённага прабывання для грама­дзян пажылога ўзросту ТЦСАН Сенненскага раёна. А яна як ніхто іншы добра ведае Розу Марыніч, бо тут жанчына пастаянны госць. Заўсёды ўдзельнічае ў шматлікіх сустрэчах, акцыях, праектах, арганізатарам якіх і выступае аддзяленне. Ёй падабаецца, што тут пануе атмасфера сяброўства, добразычлівасці. Тут багушэўцы нібы адна сям’я, дзе перажываюць, клапоцяцца адзін пра аднаго.

А як жа Розе Васільеўне падабаецца спяваць у крузе ўдзельнікаў клуба «Спявай, душа»! «Калі б хтосьці гадоў трыццаць назад сказаў, што душэўныя, старадаўнія песні стануць маімі любімымі, — не паверыла б, — адзначае мая суразмоўца. — Узрост, пэўна, бярэ сваё. Але гэта не гаво­рыць пра тое, што да творчасці сучасных выканаўцаў я адношуся зусім адмоўна. Моладзь заўсёды была і будзе па-свойму цікавай, таленавітай».

Жанчына заўсёды ў ліку тых, хто выязджае з наведвальнікамі аддзялення на рознага плану мерапрыемствы, што праходзяць як на раённым, так і на абласным узроўнях. «Яна проста не ведае слова «не», — дзеліцца Інга Глебава. — Што і казаць, гэта чалавек з вялікім добрым сэрцам, які па першым клічы гатовы прыйсці на дапамогу».

Так выхавана, з дзяцінства прывучана не заставацца абыякавай да таго, што адбываецца побач. У гэтым і заключаецца яе актыўная жыццёвая пазіцыя. І пра гэта добра ведае мясцовая ўлада. Таму часта і запраша­юць Розу Васільеўну на пасяджэнні, што праходзяць у Багушэўскім сельвыканкаме. Яна не толькі выкажа пажаданні жыхароў, але і сама штосьці прапануе. Так, у прыватнасці, на працягу некалькіх гадоў вырошчвае аксаміткі на расаду, а потым аддае іх спецыялістам жылкамунгаса для далейшага азелянення і ўпрыгажэння пасёлка.

Заўсёды ў справах, у раз’ездах. Роза Марыніч часта бывае ў Віцебску, бо тут у яе кватэра. Але гаспадыня даўно не жыве ў ёй. Пасля выхаду на пенсію перабралася ў бацькоўскі дом у Багушэўск. У гэтыя восеньскія дні рыхтуецца паехаць да роднай пляменніцы ў Маскву, дапамагчы прыгледзіць за яе дзеткамі.

Гледзячы на гэтую жвавую ўсмешлівую жанчыну, разумееш, што пенсійны ўзрост — не прысуд. Наадварот, пачатак новага жыцця. Гэта як жыццё ў падарунак, а падарунак, прыняты з задавальненнем, прыносіць значна больш шчасця.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.