Уборка выявляет лучших

Поспех у працы  прыходзіць  з вопытам, па-іншаму, на жаль, ніяк,  упэўнены  герой нашай  сённяшняй публікацыі, Аляксандр  Распорскі,  вадзіцель  ААТ «Белая Ліпа».

Пра тое, што Аляксандр Аркадзьевіч першым у раёне перавёз 1000 тон збожжа, мы ўжо згадвалі на старонках раённага выдання. Але хацелася б пазнаёміць чытача бліжэй з гэтым паважаным і заслужаным чалавекам, які, дарэчы,  не ў першы раз выхо­дзіць у лідары на адвозцы збожжа. І гэта невыпадкова, бо вадзіцелем ён працуе больш за трыццаць гадоў. У гарачую ўборачную пару ў Аляксандра Распорскага нівод­най вольнай хвіліны. І нават падчас інтэрв’ю з карэспандэнтам “ГС” ён раз-пораз спыняў размову, вырашаючы працоўныя моманты. За гутаркай Аляксандр Аркадзьевіч расказаў, што і ў зімовы перыяд у яго вельмі шчыльны графік. Ён заняты на падвозцы корму для жывелы.

  Аляксандр Распорскі нарадзіўся ў вёсцы. З ранняга дзяцінства бацькі прывучалі яго да працы на зямлі. А яго ўсё больш цягнула да тэхнікі.  Пасля заканчэння Машчонскай сярэдняй школы  і атрымання вадзіцельскага пасведчання адразу стаў працаваць вадзіцелем.

  — Мне заўседы падабалася  гэта прафесія і зараз, калі за плячыма  до­сыць вялікі стаж, упэўнена магу ска­заць — іншага шляху для сябе я проста не бачу, — гаворыць Аляксандр Распорскі. — Дарэчы, і абодва мае сыны, якія таксама захоплены тэхнікай, нягле­дзячы, што  працуюць у іншых сферах, не ўпускаюць магчымасці дапамагчы ва ўборачнай кампаніі.

  Па-за працай Алясандр Распорскі цудоўны сем’янін. І ў доме, і на прыдамавой тэрыторыі адчуваецца рука добрага гаспадара. Як і многія вяскоўцы, сям’я трымае падсобную гаспадарку. Не застаюцца без увагі агарод, сад. Людміла Анатольеўна, яго жонка, займаецца абуладкаваннем кветніка.

  Аляксандр Аркадзьевіч не хавае, што яго хлеб нялёгкі. І ў любімай працы сустракаюцца цяжкасці. А кожны раз іх пераадольваць — і ёсць сапраўднае майстэрства.

Ксенія КРУПСКАЯ.

Фота аўтара.