Завтра в школах района прозвучит последний звонок

Заўтра для 1971 вучня ў школах  раёна прагучыць апошні званок.

Ужо дзясятага чэрвеня выпускнікам будуць уручаны атэстаты, дыпломы і медалі. Для іх гэта  радасны і адначасова сумны, хвалюючы, поўны светлых надзей і чаканняў дзень. Развітаўшыся са школай, абітурыенты акунуцца ва ўступную кампанію.

— Агульная колькасць адзінаццацікласнікаў складае 98 чалавек, выпускнікоў дзевятага класа — 209, — расказала карэспандэнту «ГС» намеснік начальніка аддзела па адукацыі Сенненскага райвыканкама Святлана Панушкіна.

Дзевяцікласнікі здаюць тры абавязковыя экзамены — беларускую і рускую мовы, матэматыку. Усе выпрабаванні — пісьмовыя. Навучэнцаў 11-х класаў чакаюць экзамены па чатырох прадметах: матэматыцы, рускай ці беларускай мове на выбар, замежнай мове, гісторыі Беларусі. Два апошнія выпрабаванні праводзяцца ў вуснай форме.

На залаты медаль у гэтым годзе прэтэндуюць чатыры вучні. Гэта навучэнцы першай і другой гарадскіх школ,  Багушэўскай і Машканскай.

Мы пагутарылі з выпускніцай першай гарадской школы Янай Макоўскай. На пытанне, як ёй удаецца быць лепшай у вучобе, у грамадскім жыцці школы і пры гэтым заставацца такой пазітыўнай, дзяўчынка  адказала: “Падтрымка і матывацыя бацькоў і настаўнікаў дае сілы на новыя дасягненні. Школа — гэта адзін з этапаў у маім жыцці, які падыходзіць да завяршэння. Вядома, сумна развітвацца з любімымі настаўнікамі, аднакласнікамі, але гэта непазбежна”, — дзеліцца дзяўчынка.

—  Яна Макоўская — адказная, старанная, сур’ёзная, актыўная, з ярка выражаным патрыятычным стрыжнем у душы. Нельга сказаць, што яна аддае перавагу  нейкаму аднаму прадмету. Гэта ўсебаковаразвітая асоба, якой няма роўных, — распавядае класны кіраўнік Наталля Сінкевіч. — Яна прымае актыўны ўдзел ва ўсіх сферах жыцця школы. Гэта і алімпіяды, і культурна-масавыя мерапрыемствы. А яшчэ спрабуе сябе ў якасці арганізатара. Гэтая дзяўчынка мая сапраўдная надзея і апора ва ўсіх пытаннях, — гаворыць Наталля Сінкевіч. 

— Такога добрага і дбайнага настаўніка, як Наталля Іванаўна, мне яшчэ не прыходзілася сустракаць, — кажа аб сваім класным кіраўніку Яна Макоўская. — Яна заўсёды падтрымае, дапаможа, дзесьці дасць параду. Як часта кажа Наталля Іванаўна: “Мы разам — адна сям’я”. Пазітыўная атмасфера ў класе — гэта асноўны крытэрый для яе.  Усе гэта дапамагае нам дасягаць высокіх вынікаў у вучобе, — упэўнена выпускніца.

 Ксенія КРУПСКАЯ.

Фота аўтара.