Жители агрогородка Богданово своими руками сделали гнездо для аистов

Вясну ў аграгарадок Багданава на крылах прыносяць буслы.

 Пятнаццаць гадоў сюды спраўна пасля зімы прылятаюць гэтыя птушкі. З нецярпеннем жыхары вёскі чакалі іх і сёлета. У буслоў і абжытае гняздо было – на старой воданапорнай вежы, што размешчалася ў трохстах метрах ад возера. Так-так, менавіта была. У канцы сакавіка яе зняслі: новы гаспадар, які выкупіў вежу ў арганізацыі-банкрута ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». І нічога дрэннага ў гэтым, быццам бы, і няма. А вось для мясцовых жыхароў гэта падзея стала сапраўднай трагедыяй, інакш і не скажаш.

 Першае, пра што падумалі мясцовыя жыхары, калі ўбачылі, як зносяць вежу, дык пра сваіх буслоў. «Што будзе з птушкамі? Мала таго, што пакрыўдзяцца — у іх будзе мала часу, каб знайсці і добраўпарадкаваць новае жыллё для патомства», — з цеплынёй у голасе, не хаваючы эмоцый, гаварыла Людміла Шарпіла. Для яе дачкі Наталлі, якая часта прыяз­джае з Мінску, гэтыя птушкі асацыіруюцца з дзяцінствам, з родным домам. «Мы ўвесь перыяд, пачынаючы з красавіка і амаль да канца жніўня, нібы пад нябачнай аховай буслоў, — адзначыла дзяўчына. – Раніцу з імі сустракаем. Пад птушыны клёкат радуемся за іх падросшых пярнатых малышоў».

 Сказаць шкада, што вежу знеслі, значыць нічога не сказаць. Яшчэ доўга ў засмучаных пачуццях знаходзіліся мясцовыя жыхары, дачнікі з Віцебска, якія таксама засталіся неабыякавымі да таго, што здарылася. Перажывалі, што не дадумаліся выкупіць вежу, каб заха­ваць яе для птушак. Наталля нават з’ездзіла ў райцэнтр і набыла вялікую фігуру бусла. Паставіла ля дома маці ў напамін пра тое, што непадалёк калісьці месціліся буслы.

 І ўсё ж праз колькі часу на агульным сходзе было вырашана самім зрабіць гняздо для птушак. Знайшлі вялікія слупы, засталося іх толькі ўкапаць і абуладкаваць гняздо. На дапамогу сваім суседзям прыйшоў Аляксей Гарбачоў, механізатар філіяла ВДМС, які і прапанаваў пад новы дом для буслоў прыстасаваць высокую гонкую бярозу, што расла на тэрыторыі яго дачнага ўчастка. «Гэта быў самы аптымальны варыянт, на які мы згадзіліся, — расказвае Людміла Алегаўна. – Аляксей зрэзаў верхавіну дрэва, потым у адзіночку зацягнуў туды сельскагаспадарчую барану. Замацаваў яе як трэба, наклаў салому, галінкі дрэў».

 Справа была зроблена на сумленне. Літаральна на наступны дзень прыляцелі буслы. Яны доўга кружылі ў пошуках абжытага гадамі месца. Не знайшоўшы вежы, зніклі ў нябеснай далечыні. Але на наступны дзень вярнуліся зноў. Лёталі над бярозай, аднак не селі. «Мы нават у інтэрнэце адказ шукалі, чаму не гняздзяцца буслы, — адзначыла Людміла Шарпіла. – Прыйшлі да высновы, што Аляксей шмат галінак пакінуў, а гэтым птушкам патрэбна чыстае прасторнае месца, бо самі яны вялікія і размах крылаў складае 1,5 – 2 метры. Дамовіліся крыху пачакаць, паглядзець, што будзе».

 Не перадаць словамі, колькі было радасці ў багданаўцаў, калі ўсё ж адзін з буслоў сеў у гняздо. Потым да яго прыляцеў другі. Птушкі пачалі абжываць новае месца. Завіхаліся ля гнязда, у дзюбах прыносілі сюды яшчэ галінкі, мох.

 «Чаго хаваць, мы былі ўпэўнены, што пярнатыя сябры прыляцяць і прыжывуцца, — смяецца мая суразмоўца. – Спрадвек людзі лічылі, што буслы селяцца толькі ля добрых, працавітых людзей. Нават пакінутае на зіму гняздо ахоўвала дом ад злых духаў. А наш Аляксей Гарбачоў менавіта такі чалавек, на якога трэба раўняцца».

 Сёння, праязджаючы праз аграгарадок і гледзячы, якую работу зрабілі людзі, унутрана радуешся – малайцы багданаўцы! Не засталіся ўбаку ад праблем братоў нашых меншых. Хто ж калі не мы, людзі, павінны дапамагаць жывой прыродзе.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота прадастаўлена Наталляй Шарпіла.