Сельгаспрадукцыя стане асновай беларускага экспарту

Беларусь плануе да 2015 года давесці штогадовы аб’ём вытворчасці збожжа да 12 млн т. Аб гэтым паведаміў  намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Валерый Іваноў, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

 Паводле слоў віцэ-прэм’ера, штогадовая вытворчасць бульбы вырасце практычна да 8 млн т, агародніны — да 2 млн т, рапсу — 1,1 млн т, цукровых буракоў — 5,5 млн т. Штогадовая вытворчасць малака да канца пяцігодкі павінна скласці 10,7 млн т, жывёлы і птушкі ў жывой вазе — 2 млн т.

 А галоўнае, чакаецца, што да 2015 года выручка ад рэалізацыі сельгаставараў павялічыцца ў два разы, прыбытак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі — у 9 разоў з дасягненнем узроўню рэнтабельнасці продажаў не менш як 11 працэнтаў.

  «Росту аб’ёму валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага, плануецца павялічыць яе аб’ём на 39-45 працэнтаў у параўнанні з 2010 годам», — сказаў віцэ-прэм’ер.

  На развіццё АПК Беларусі ў 2011 годзе будзе накіравана Br 6,5 трлн бюджэтных сродкаў.

 Віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў Беларусі існуе меркаванне аб тым, што трэба адмовіцца ад бюджэтнай падтрымкі аграпрамысловага комплексу, падняць цэны і накіраваць атрыманы аб’ём фінансаў у падтрымку неабароненых слаёў насельніцтва. У той жа час Валерый Іваноў нагадаў, што Беларусь глыбока інтэгравана ў сусветную эканамічную прастору. «Прадукцыя, якая паступае на гэты рынак з трэціх краін, субсідзіруецца, у тым ліку з прымяненнем экспартных субсідый», — сказаў ён. Паводле слоў Валерыя Іванова, любыя меры па павышэнні цэн на айчынныя прадукты харчавання, устанаўленне іх на больш высокім узроўні, чым у краін-суседзяў прывядуць да павелічэння імпарту прадукцыі з гэтых краін у Беларусь.

 Валерый Іваноў дадаў, што «ў бягучай пяцігодцы перад аграрыямі стаяць сапраўды складаныя задачы — павелічэнне экспарту сельгаспрадукцыі да $7,2 млрд пры $4 млрд сальда знешняга гандлю».

 Паводле слоў віцэ-прэм’ера, фінансавы стан сельскай гаспадаркі ў Беларусі застаецца складаным. Фінансавыя абавязацельствы сельгасарганізацый  амаль у два разы перавышаюць выручку ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі. Асноўныя мэты ўрада — павышэнне эканамічнай эфектыўнасці, канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі АПК, нарошчванне экспартнага патэнцыялу галіны.

Пераход да рыначнага цэнаўтварэння на прадукцыю АПК у Беларусі будзе паступальным.

 Паводле яго слоў, ідэалогія аграрнай палітыкі ў краіне павінна быць зменена ў першую чаргу ў пытанні дзяржпадтрымкі аграрыяў. «Такая падтрымка павінна быць прадуманай і  ўзважанай, улічваць эканамічную эфектыўнасць дзейнасці сельгасвытворцаў і браць пад увагу ўмовы гаспадарання, а  таксама яна павінна быць накіравана на развіццё прадпрымальніцкай актыўнасці ў аграпрамысловым комплексе», — растлумачыў Валерый Іваноў.

 Аналізуючы перспектывы пераходу да рыначнага цэнаўтварэння на прадукцыю АПК, намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што спачатку неабходна перайсці ад фіксаваных закупачных цэн на прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі да ўстанаўлення мінімальных гарантаваных закупачных цэн. Акрамя гэтага, неабходна прыняць меры па разняволенні рыначнай ініцыятывы ў сельскай гаспадарцы. «Трэба  забяспечыць  рэальнае напаўненне правамі дзяржуласнасці ў сельскай гаспадарцы, якія парушаюцца ў  элементарных пытаннях, такіх, як планаванне вытворчасці, каналаў рэалізацыі і г.д., — растлумачыў ён. — Камерцыйныя прадпрыемствы АПК павінны дзейнічаць, зыходзячы з уласных эканамічных інтарэсаў».

падрыхтаваў Аляксандр Лазюк