Каждый день нужно наполнять смыслом, уверен Виктор Сипоров, житель Сенно

Каб кожны дзень быў напоўнены сэнсам, трэба ўпэўнена рухацца ўперад — аглядаючыся на свой жыццёвы шлях і даючы наказ маладому пакаленню, гаворыць Віктар Сіпараў, жыхар Сянна.  

 

Сёння Віктара Іванавіча рэдка можна сустрэць на вуліцы: здароўе падводзіць. Але, нягледзячы на гэта, у свае юбілейныя 75, дарэчы, святкаванне якіх выпала на пачатак сакавіка, мужчыну не падводзіць памяць. Чалавеку, які стаяў ля вытокаў стварэння  Сенненскага народнага хору ветэранаў вайны і працы, а таксама развіцця спартыўнага руху ў раёне, ёсць што расказаць, чым падзяліцца.

 Віктар Сіпараў з кагорты тых людзей, якія не спыняюцца на дасягнутым. Для яго вынік заўсёды асацыіраваўся з бліскуча выкананай работай. І ў той час, калі ён толькі рабіў свае першыя крокі ў самастойнае жыццё, і, калі ўжо маючы добры жыццёвы вопыт узначальваў камітэт па спорту райвыканкама. Дваццаць шэсць гадоў ён займаў гэтую пасаду. Тыя, каму давялося працаваць з Віктарам Іванавічам, сёння з усмешкай на твары і цеплынёй у голасе ўспамінаюць той час.

 Ён быў добрым арганізатарам. Шматлікія спартыўныя спаборніцтвы праводзіліся менавіта з яго падачы. Футбол, дарэчы, як і ў сённяшняга пакалення, быў на першым месцы. Яркія баталіі па гульні нумар адзін збіралі вялікую колькасць людзей. Быў час, калі заяўкі на ўдзел у турнірах па міні-футболе падавалі да 16 каманд. Сенненцы падтрымлівалі добрыя сяброўскія адносіны і са спартсменамі з Расіі, у прыватнасці, з горада Сафонава. Яны ездзілі адзін да аднаго ў госці, арганізуючы рознага плану спартыўныя мерапрыемствы.

 Віктар Сіпараў і сам быў заўзятым аматарам гульні нумар адзін. Пятнаццаць гадоў адгуляў у складзе зборнай раёна па футболе, яму не было роўных і ўжо потым, калі выступаў за каманду ветэранаў.

 На пад’ёме была і лёгкая атлетыка, і біятлон. Пры ім адкрывалася і секцыя па грэка-рымскай барацьбе. Прыемна адзначыць, што ў 80-ыя ў складзе зборнай Беларусі па біятлону было чатыры спартсмены з Сенненшчыны, адзначае мой суразмоўца. Мала хто ведае, што правядзенне сёння папулярнага далёка за межамі раёна восеньскага лёгкаатлетычнага марафону памяці Пятра Машэрава — у некаторай ступені яго заслуга. Упершыню яго правялі ў  1988 годзе. Тады ў ім прыняла ўдзел, бадай, рэкордная колькасць спартсменаў – 750 чалавек. І, што самае цікавае, падарункамі за першыя месцы на розных дыстанцыях былі веласіпеды. Восем гадоў запар спонсарам марафону з’яўлялася Віцебскае вытворчае аб’яднанне “Даламіт”.

 

Віктар Іванавіч беражліва ставіўся да людзей. З разуменнем і павагай адносіўся да сваіх падначаленых. Праца ладзіцца, калі ёсць паразуменне таго, што робіш адну справу, упэўнены Віктар Сіпараў. І сёння ён выказвае словы падзякі тым, хто дапамагаў, падтрымліваў. І гэта не толькі спецыялісты дзіцяча-юнацкай  спартыўнай школы, але і спартсмены-аматары: Валерый Лыскоў, Сяргей Зеленя, Мікалай Беларускі, Мікалай Ермашкевіч, Святаслаў Шуцікаў, Аляксандр Даукшас, Сяргей Галынчык.

 Пра тое, што сваю работу Віктар Сіпараў выконваў з асаблівай адказнасцю, сведчаць шматлікія Ганаровыя граматы рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Бадай, самая важная для яго ўзнагарода — Ганаровая грамата Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

 Але не толькі спорт быў для яго ў прыярытэце. Музыка ў жыцці мужчыны займала далёка не апошняе месца. Многія сенненцы памятаюць яго як цудоўнага баяніста, акампаніятара і кіраўніка першага складу раённага хору ветэранаў. Больш за паўстагоддзя гучаў у яго руках гэты музычны інструмент. Баяніст-самавучка, не маючы за плячыма пэўнай адукацыі, мог сыграць на слых любую пачутую мелодыю.

 У асноўным рэпертуар хору складаўся з грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі. За 17 гадоў кіраўніцтва Віктара Сіпарава з канцэртамі калектыў пабываў ва ўсіх гаспадарках Сенненшчыны. На шматлікія культурныя мерапрыемствы іх запрашалі ў суседнія раёны. У абласных аглядах-конкурсах яны заўсёды былі ў ліку прызёраў. Спявалі на два, а часам на тры галасы.

 У 1999 годзе хор атрымаў званне “народны”.  Яго мужчынская група  стала лаурэатам V рэспубліканскага конкурсу народнай творчасці “Не стареют душой ветераны”, што праходзіў у гэтым жа  годзе ў Мінску. Віктар Іванавіч і сёння памятае песню, якую яны прадаставілі на суд журы. “Як такое забыць, — гаворыць ён. – “Держитесь, ветераны, до конца” пасля стала гімнам нашага хору”.

 Сёння  склад  хору абноўлены. З 38 чалавек, якія калісьці з гонарам выходзілі на сцэну, засталіся нямногія. Новы калектыў радуе сенненцаў сваімі выступленнямі. Радуецца і Віктар Сіпараў, калі даведваецца пра яго чарговыя творчыя дасягненні. Добрая песня ўздымае настрой, яднае людзей, а менавіта так і павінна быць, адзначае ён.

 Пройдзена вялікая жыццёвая дарога, на якой было многае. Вялікім здабыткам для сябе Віктар Іванавіч лічыць сяброў, якіх за перыяд працоўнай дзейнасці з’явілася шмат. Яны не забываюць пра яго. Тэлефануюць, прыходзяць, каб спытаць ці патрэбна якая-небудзь дапамога, і члены грамадскага аб’яднання раённага савета ветэранаў.

 Уклад, які зрабіў Віктар Сіпараў у культурнае і спартыўнае жыццё Сенненшчыны, безумоўна, вялікі. Традыцыі, закладзеныя ім, і сёння працягвае маладое пакаленне. 

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара і прадастаўленыя В.Сіпаравым.