На Сенненщине прошел районный конкурс «Песни юности наших отцов»

Раённы конкурс “Песні юнацтва нашых бацькоў” на мінулым тыдні сабраў таленавітых выканаўцаў з усёй Сенненшчыны.

Прыемна, што для правядзення музыкальнага форуму была выбрана зала РЦКіНТ. І гэта не выпадкова, бо сёлета, як ніколі, заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 12 чалавек. Гэта шмат. Як адзначылі арганізатары мерапрыемства, а ў гэтай якасці выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, было б і больш. За некалькі дзён да правядзення творчага спаборніцтва некаторым артыстам прыйшлося адмовіць за тое, што позна заявілі пра сябе.

Кожны раз мяняюцца ўдзельнікі конкурсу, але аб’ядноўвае іх адно – жаданне пець і дарыць гледачам святло свайго таленту. За час існавання песеннага праекта вырасла цэлае пакаленне. З года ў год мерапрыемства набірае абароты, выканаўцы дасканальна падыходзяць да выбару рэпертуару, сцэнічнага вобраза. Літаральна да дробязяў прадумваюць свой нумар, каб выступленне не стала манатонным, а гледачы, якіях заўсёды шмат, атрымалі задавальненне ад нумара.

Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі павінны былі прадаставіць на суд журы два музычныя творы. У першым блоку гучалі песні патрыятычнага накірунку, у другім — беларускіх кампазітараў. А задала тон выступленням Анастасія Бялко, педагог Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў. Мала сказаць яна выступіла прыгожа. Голас артысткі заварожваў, было бачна, наколькі эмацыянальна, пачуццёва яна выканала песню “Плакала земля белорусская”.

 Пра Вялікую Айчынную вайну і Перамогу, прыгажосць роднага краю, каханне і сяброўства пелі канкурсанты, сярод якіх былі аматары песеннага мастацтва і прафесіяналы з музычнай адукацыяй. Парадавала і тое, што ў гэты дзень прагучала шмат песень на беларускай мове. Нікога не пакінулі абыякавымі выступленні Германа Бандарэнкі і Дзмітрыя Ціханава, спецыялістаў РЦКіНТ. Яны не скарысталіся музычнай фанаграмай, а самі сабе падыгралі на гітары.

Прыгожым дуэтам можна назваць выступленне Алёны Краўчанка, якая прадстаўляла Машканскі сельскі дом культуры, і Андрэя Віскопа, які акампаніраваў дзяўчыне на баяне. Па выніках конкурсу, дарэчы, менавіта Алёна атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

А вось для Вольгі Карпавай, самай юнай удзельніцы песеннага мерапрыемства, журы вызначыла ганаровае трэцяе месца. І для Вольгі гэта перамога, так як яна ўпершыню паспрабавала свае сілы ў, можна сказаць, дарослым праекце. Многія сенненцы памятаюць дзяўчынку, былую выхаванку Ходцаўскай школы, па шматлікіх творчых конкурсах і не толькі раённага маштабу, дзе яна была ў ліку прызёраў і пераможцаў, але і больш высокіх.

У мінулым годзе Вольга стала студэнткай ВДУ імя Машэрава. Падаючы заяўку на песенны конкурс, яна не задумваючыся пазначыла, што будзе выступаць за Ходцаўскі СДК. Для яе было прынцыпова прадстаўляць менавіта сваю малую радзіму, Сенненшчыну, а не ўстанову адукацыі, дзе яна зараз атрымлівае веды. І што тут скажаш — малайчына! Дзякуй настаўнікам, якія змаглі выхаваць сапраўднага патрыёта ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

 А прадстаўляць наш раён на занальным адборачным туры абласнога  конкурсу патрыятычнай песні, які пройдзе 22 лютага ў Гарадку, будзе Анастасія Бялко і Ніна Ткачэнка, педагог дадатковай адукацыі РЦДіМ, якія сталі абсалютнымі пераможцамі.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.