Графіка Канстанціна Бандарэнкі

У гісторыка-краязнаўчым музеі  г. Сянно прайшла персанальная вы­ста­ва работ удзельніка народнага клуба народных майстроў «Натхненне» Сенненскага Дома рамёстваў К.І.Бандарэнкі.

Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены графічныя копіі твораў вядомых мастакоў, іншыя графічныя работы майстра. Сярод экспанатаў можна было бачыць 17 копій карцін мастака з Рэчыцы Аляксандра Усачова, якога называюць беларускім Рафаэлем, куміра аўтара выставы. Памёр Усачоў у 33 гады. Пасля смерці атрымаў, як часта ў нас здараецца, прызнанне. І цяпер яго палотны скупліваюць па ўсёй Еўропе і звозяць у Мінск, расказаў К.І.Бан­дарэнка на адкрыцці экспазіцыі. У яго планах  стварэнне яшчэ больш дзясятка копій работ знакамітага мастака.

Былі таксама прадстаўлены копіі карцін Шаранговіча, Баравікоўскага, Пярова, Вольскага, Леанарда да Вінчы і іншых. Прыцягваў увагу партрэт Ула­дзі­міра Высоцкага ў абрамленні  крыжаванкі на тэму жыцця і творчасці вядомага барда і акцёра, паклоннікам творчасці якога з’яўляецца Бандарэнка. Дарэчы, у 1990 годзе адбылася выстава яго работ, прысвечаная памяці Высоцкага. З таго часу творы Канстанціна Іванавіча, выкананыя ў тэхніцы  графікі, экспануюцца ў Багушэў­скім Доме культуры і г.Сянно. Адметна,  што маляваць Бандарэнка на прафесійнай аснове не вучыўся. Захапляцца гэтай справай пачаў  у 16 гадоў, як гаворыць сам, па чыстай выпадковасці. Трапіў у бальніцу, дзе сустрэў аднаго мастака, убачыў, як ён працуе. «Ад яго «заразіўся» маляваннем, і панесла, — жартуе Канстанцін Іванавіч. — Нічога складанага тут няма, — дадае майстар. — Так можа зрабіць любы. Вядома, як і ў кожнай справе,  ёсць свае сакрэты і патрэбна цярпенне».

… Нарадзіўся К.І.Бандарэнка ў пасёлку імя Каліні­на Свярдлоўскага раёна Луганскай вобласці Украіны. Потым пераехаў у Расію. Скончыў ПТВ і зоаветтэхнікум у Валгаградскай вобласці. У 1985 го­дзе ў гэтай навучальнай установе адбылася яго першая выстава, прысвечаная 40-годдзю Перамогі. Праз тры месяцы выстава прайшла на яго радзіме.

Па волі лёсу ў 1986-ым К.І.Бандарэнка аказаўся ў Беларусі, у гарадскім пасёлку Багушэўск, дзе жыве і цяпер. Працуе ў Багушэўскім ДК мастаком-пастаноўшчыкам народнага тэатра, удзель­нічае ў фальклорным калектыве «Медуніца». З 2004 года ён актыўны член клуба «Натхненне». Кіраўнік клуба Т.М.Кучынская павіншавала Канстанціна Іванавіча з чарговай персанальнай выставай і ўручыла майстру памятны падарунак.

Таццяна Буракова.

На здымках: у час адкрыцця выставы: К.І.Бандарэнка і намеснік старшыні райвыканкама З.С.Фаміна; творы народнага майстра К.І.Бандарэнкі.