Сенненскіе лыжнікі і біятланісты — першыя ў вобласці…

У Віцебску прайшло першынство вобласці па лыжных гонках сярод вучняў школ, якія працягваюць спаборнічаць па праграме школьнай спартакіяды. На старт выйшлі юнакі і дзяўчаты 1995-1996 і 1997 -1998 г.н. Каманда сенненскіх школьнікаў была складзена з васьмі ўдзельнікаў і выступіла вельмі ўдала, заняўшы ў камандным заліку першае месца.

 У асабістым заліку асабліва парадаваў Віктар Крыўко, выступаючы ў старэйшай узроставай групе. Ён быў мацнейшым на абедзвюх дыстанцыях — 7,5 і 10 км. Ненамнога адсталі ад яго Павел Пагарэльскі , які ў абодвух забегах паказаў чацвёрты вынік, і Віталь Гардзецкі — два разы станавіўся пятым. Нікіта Аксёнаў на дыстанцыі 7,5 км заняў трэцяе месца, на  5 км — чацвёртае. У дзяўчат найбольш удала выступіла Дар’я Высоцкая. На «пяцёрцы» яна заняла чацвёртае месца, на дыстанцыі 3 км  — пятае.

 Гэтак жа ўдала  выступілі ў Віцебску нашы біятланісты. Навучэнцы Сенненскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву  на абласным  першынстве, удзел у якім прымалі юнакі і дзяўчаты 1996-1997 г.н., таксама  дастойна выглядалі сярод сваіх равеснікаў. Каманда спартыўнай школы з Сянно ў складзе  10 чалавек стала пераможцай спаборніцтва.

 Адзначым выступленне Паўла Пагарэльскага. На дыстанцыі 5 км са стральбой ён заняў першае месца. Яго падтрымаў Юра Бяляеў, які ў гэтым жа практыкаванні быў трэцім, другім — на  названай дыстанцыі без стральбы. Астатнія члены каманды, хоць і выступалі не так паспяхова, але заліковыя ачкі прынеслі.

Л.Іўеў.