Почему сенненские бурёнки стали доиться на 360 кг меньше?
Статыстыку нездарма называюць навукай, якая вывучае колькасныя змяненні ў развіцці грамадства, народнай гаспадарцы і займаецца апрацоўкай лічбавых паказчыкаў у навуковай і практычнай мэтах. Таму ёй няма ніякіх падстаў не давяраць. А лічбы сцвярджаюць, што і ў мінулым, складанейшым па кліматычных умовах годзе (большую частку лета стаяла анамальная спякота) забяспечана дынаміка развіцця жывёлагадоўчай галіны ў параўнанні з 2009 годам па такіх паказчыках, як рэалізацыя жывёлы і птушкі на забой (у жывой вазе) —104%, вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі (у жывой вазе) — 107,7%, сярэднясутачныя прывагі жывёлы на вырошчванні і адкорме — 104,3%, вытворчасць і рэалізацыя малака — адпаведна 102,6 і 102,5%.
На жаль, сярэднясутачны надой ад каровы знізіўся з 3718 кілаграмаў малака да 3350 кілаграмаў. Не выйшлі на ўзровень папярэдняга справаздачнага года і па колькасці буйной рагатай жывёлы.
Летась было рэалізавана за студзень-снежань 7559,1 тоны жывёлы і птушкі на забой у жывой вазе, у тым ліку па відах: 3601,2 тоны буйной рагатай жывёлы , 3626,7 тоны свіней і 296,2 тоны птушкі. Для некаторых чытачоў удакладнім, што вырошчваннем бройлерных куранят займаецца цэх «Сянно» сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вітконпрадукт», размешчаны ў вёсцы Пастушкі Багушэўскага сельсавета.
Найвялікшы ўклад у рэалізацыю мяса зрабілі ААТ «Ульянавічы» (155,5%), «Пурплева» (135,3%), «Сінягорскае» (122,3%). Здалі пазіцыі КУСГП імя Гараўца, ДП «Саўгас імя Машэрава», КУСГП «Полымя», ААТ «Сенненскі райаграсервіс», ААТ «Какоўчына». Усе разам яны знізілі рэалізацыю мяса на 288 тон.
Ад агульнай рэалізацыі жывёлы прамысловым мясаперапрацоўчым арганізацыям і холадакамбінатам у жывой вазе паступіла 77,4%, г.зн. 56239 цэнтнераў. Звыш 3420 цэнтнераў рэалізавана арганізацыям спажывецкай кааперацыі, 4642 цэнтнеры — насельніцтву, уключаючы расход на грамадскае харчаванне. Менш за ўсё на прамысловую перапрацоўку рэалізуе жывёлы КУСГП імя Гараўца. У камунальным унітарным сельскагаспадарчым прадпрыемстве «з’елі» 27,7% мяса ў жывой вазе ад агульнай рэалізацыі. А вось у РУП «Дружбінец», ААТ «Студзёнка», «Ульянавічы» — менш чатырох працэнтаў. І гэта не гаворыць аб тым, што тут у перыяд сезонных работ не кармілі ўдзельнікаў прыпару гарачымі абедамі або не выпісвалі мяса на розныя патрэбы для насельніцтва.
Самае рэзкае скарачэнне вытворчасці (61,8% да 2009 года) жывёлы ў жывой вазе дапусцілі ў ААТ «Какоўчына», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» (85,8%).
Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме па раёне склалі 564 грамы (+ 23 грамы да 2009 года). Менш за 500 грамаў у суткі прыбаўлялі ў вазе гадаванцы ў КУСГП імя Гараўца, «Полымя», ААТ «Ульянавічы», «Белая Ліпа», «Сінягорскае», «Пурплева», «Кругляны», ААТ «Какоўчына». Звыш 630-690 грамаў у суткі давала прывагу пагалоўе ў ААТ «Бяленева», ААТ «Сенненскі райаграсервіс», РУП «Дружбінец», а ААТ «Літусава» перавысіла нават 700 грамаў.
У ААТ «Пурплева», напрыклад, у снежні 2010 года атрымана сярэднясутачная прывага ўсяго 339 грамаў (мінус 88 грамаў).
Малочная галіна — гэта крыніца круглагадовага даходу. «Гаворачы аб малочнай галіне, Прэзідэнт адзначыў, што малако для Беларусі не проста тавар, а істотны фактар эканомікі і палітыкі, які аказвае сур,ёзны ўплыў як на забеспячэнне харчовай бяспекі, так і на нарошчванне экспарту». У Беларусі затрачаны вялікія намаганні і сродкі для дынамічнага развіцця малочнай галіны, дасягнуты добрыя рэзультаты. За пяць гадоў вытворчасць малака вырасла амаль на 35%. Поўнасцю забяспечыўшы ўнутраны рынак, летась рэспубліка экспартавала амаль 4 млн тон малочнай прадукцыі.
Станоўчыя змяненні ў тэхналогіі вытворчасці малака адбываюцца і ў нашым раёне. А якая аддача? За мінулы год атрымана 35955 тон малака (102,6% да 2009 года). Знізілі вытворчасць ДП «Саўгас імя Машэрава» — на 130 тон, ААТ «Какоўчына» — 280 тон. Увогуле некалі апошняя гаспадарка па вытворчасці малака лідзіравала ў раёне, а цяпер наблізілася да такіх аўтсайдэраў, як КУСГП імя Гараўца, ААТ «Пурплева», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», дзе вал яго ненамнога перавышае 1400 тон.
Па ўсіх каналах збыту летась рэалізавана 29468,5 тоны малака, або 82% ад атрыманага. Ніжэйшай таварнасць яго была ў ДП «Саўгас імя Машэрава», ААТ «Сенненскі райаграсервіс», ААТ «Сінягорскае», ААТ «Какоўчына», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава»: на выпайку цялятам, скормліванне парасятам выдаткавана 6486 т малака, 18% ад вытворчасці. Няхай у ДП «Саўгас імя Машэрава», дзе на ўнутрыгаспадарчы расход пайшло 20,3% малака ад агульнай вытворчасці, ёсць свінні. Чаму ж у ААТ «Сінягорскае», «Кругляны», ААТ «Какоўчына», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» пятая частка малочнай прадукцыі не даходзіць да перапрацоўчых прадпрыемстваў? 12 гаспадарак з 15 змінусавалі летась па надою на карову (3350 кг па раёне, мінус 368 кг да 2009 года).
Яшчэ большы мінус далі КУСГП імя Гараўца (750 кг), КУСГП «Полымя» (450 кг), ААТ «Ульянавічы» (441 кг), «Сінягорскае» (632 кг), ААТ «Какоўчына» (763), ААТ «Літусава» (633 кг), УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» (481 кг). Хто даў права дапускаць такі мінус КУСГП імя Гараўца, ААТ «Сінягорскае», ААТ «Какоўчына» пры гадавым надоі на карову крыху большым за 2100 кілаграмаў? Няхай бы гэты недабор адбыўся пры надоі 4000-5000 літраў. Тады яго, улічваючы летнюю спякоту, можна было б неяк апраўдаць. Прычым гэтыя ж гаспадаркі скарацілі і колькасць кароў, якія з’яўляюцца асноўным сродкам вытворчасці.
Здолелі ж даць плюс па надоях РУП «Дружбінец» і ААТ «Бяленева» пры надоі адпаведна 5692 кілаграмы і 4521 кілаграм. У ДП «Саўгас імя Машэрава» хаця і змінусавалі 377 кілаграмаў, але ж надаілі ад кожнай рагулі 4973 літры малака. Улавіце розніцу!
У КУСГП імя Гараўца на пачатак сёлетняга года мелі на 70 галоў кароў менш, ААТ «Пурплева» — на 93, ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» — на 114 кароў. І толькі ДП «Саўгас імя Машэрава», ААТ «Сенненскі райаграсервіс», РУП «Дружбінец» маюць больш-менш прыстойны паказчык па росту пагалоўя кароў.
Летась атрымана цялят ад кароў і цёлак 11230 галоў, на 71 галаву менш, чым у 2009 годзе. На 3411 галоў менш склаў выхад парасят ад асноўных і правяраемых свінаматак. Затое паморак буйной рагатай жывёлы ўсіх узростаў дасягнуў 991 галавы (179,5%), свіней — практычна на ўзроўні папярэдняга года — 2761 галава.
Чаму? Кармавая база была не горшай у стойлавы перыяд. Засуха паўплывала толькі на травастой на пашы і стварэнне запасаў фуражу на стойлавы перыяд 2010-2011 гадоў. Але ж пагалоўе значна раней звычайнага пачало спажываць восенню зімовыя рацыёны. Словам, пытанні, пытанні, пытанні…
Я не спецыяліст у галіне жывёлагадоўлі, каб даваць на іх нейкія абгрунтаваныя адказы. Гэта зробяць зоаветработнікі. Мая ж задача засяродзіць увагу на праблемах галіны ўсіх працаўнікоў жывёлагадоўчага цэха, каб і яны задумаліся. А чаму не можам выйсці на ўзровень вытворчасці малака (56 тыс.тон) і мяса (12 тыс.тон) канца 90-ых гадоў мінулага стагоддзя? А сапраўды! Чаму?
З афіцыйнымі дакументамі працаваў
Міхаіл Бялоў.