Лепшыя галасы Сенненшчыны

Сталі вядомыя імёны пераможцаў раённага этапу абласнога конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў». Імі сталі Алена Галай —1-е месца, Аляксандр Мінёнак — 2-е (на здымку №1) і Вікторыя Ляхновіч — 3-е (на здымку №2).   

 Раённы адборачны тур прайшоў у першую пятніцу лютага. Па ўмовах конкурсу ўдзел у ім прынялі маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 31 года. Кожны павінен быў прадставіць на суд журы дзве песні:  ваенную ці гра­мадска-патрыятычную і песню-шлягер.

 Таму і не дзіва, што сярод гледачоў пераважалі ў зале  Дома культуры  людзі старэйшага пакалення. Пачуць блізкія сэрцу «Три танкиста», «Афганский вальс» і на хвіліну вярнуцца ў сваю маладосць не змаглі адмовіць сабе многія.

  Разам з канкурсантамі спявала ўся зала. А калі ад хвалявання выканаўца забываўся  словы — гледачы хуценька нагадвалі іх і падпявалі.

 Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч, уручаючы граматы і дыпломы, ад усяго сэрца падзякавала выступаючым. «Тое, што вы не пабаяліся і выйшлі на раённую сцэну — ужо перамога» — сказала Марына Леанідаўна.

 Прыемна, што ўдзел у конкурсе прыняла  не толькі гарадская моладзь. Парадавалі калектывы і спевакі з Машканоў, Багданава, Нямойты.

 Ужо ў сярэдзіне лютага пераможцы раённага этапу сустрэнуцца ў Шуміліне, дзе пройдзе занальны адборачны тур. Лепшыя выканаўцы трапяць у фінал, які ад­будзец­ца ў сакавіку ў Оршы. Спадзяёмся,  там будуць і нашы маладыя і таленавітыя землякі.

   Кацярына КАРПОВІЧ.