Внучка Матрёны Маркевич рассказала о своих родных, которые участвовали в Великой Отечественной войне

Вялікая Айчынная вайна балюча прайшлася па лёсе многіх беларускіх сем’яў, пакінуўшы незагойную рану гора і смутку. Але яна пакінула яшчэ і памяць, доўгую і глыбокую, а таксама гордасць за свой народ, які не скарыўся ворагу, адстаяў свабоду.

М.Маркевіч і яе муж

Менавіта памяць пра блізкіх людзей, якія ў гады ваеннага ліхалецця коштам свайго жыцця набліжалі мірныя дні, прымусіла звярнуцца ў рэдакцыю раённай газеты Дзіну Кацар, унучку Матроны Маркевіч. Дзіна Пракопаўна хоча, каб сенненцы ведалі, што наша выбітная зямлячка, імя якой увайшло ў гісторыю Беларусі як аўтара арнаменту на дзяржаўным сцягу рэспублікі, а таксама яе родныя таксама зрабілі свой унёсак у Перамогу.

 Рэхам страт і пакут пракацілася кола гісторыі па лёсе Матроны Маркевіч. У 1933 годзе сям’ю раскулачылі, мужа, Аляксея Маркевіча, забралі. Больш родныя яго ніколі не бачылі. Нашчадкі мяркуюць, што яго расстралялі на Кабыляцкай гары ў Оршы, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсій былі знішчаны каля 1900 чалавек, якіх палічылі «ворагамі народа». У 1986 годзе родныя атрымалі дакумент аб яго рэабілітацыі.

 Матрона Маркевіч адна выхоўвала чацвёра дзяцей. У час вайны дапамагала партызанам — пякла для іх хлеб. Дастаўлялі яго народным мсціўцам яе дзеці — падлеткі Зінаіда і Аркадзій. За сувязь з партызанамі Маркевічы ледзь не паплаціліся жыццём. Аднойчы восенню 1943 года да іх прыехалі паліцаі. Маці з дзецьмі вывелі ў двор і сталі зачытваць прыгавор. Яго і сёння памятае дачка Матроны Зінаіда Пашкевіч, якой тады было 13 год: «Матрону Сяргееўну Маркевіч і яе дзяцей за сувязь з партызанамі – расстраляць. Спалохаўшыся, мы прыціснуліся да маці і чакалі смерці». Нашчасце, схаваўшыся ў кустах, за гэтымі падзеямі сачыў партызан Клаўдзік (вядома толькі імя выратавальніка). Ён і адкрыў агонь з процітанкавай зброі. Карнікі думалі, што гэта група партызан, кінуліся на ўцёкі. Дома Маркевічы не засталіся, яны яшчэ доўга хаваліся ў суседняй вёсцы Ухлё, што ў Чашніцкім раёне.

Ф.Кацар

 Зінаіда Аляксееўна, расказваючы пра сваю маці, адзначае яе моцны, валявы характар. Яна не скарылася ворагу. Пасля гэтага выпадку не перастала падтрымлі­ваць партызан. Больш таго, аднойчы дапамагла дысантнікам, а дакладней, разам з імі адправіла Зінаіду, каб тая правяла «начных» гасцей у вёску Прыветак па бяспечным маршруце. Бо дарога да населенага пункта была замініравана. Назад салдаты самі прывялі дзяўчыну. Аддзякавалі яе, «насыпаўшы поўную кішэню цукру».

 У гады Вялікай Айчыннай вайны Матроне Маркевіч давялося перажыць страту сына Міхаіла. З першых дзён вайны малады хлопец стаў на абарону радзімы. У жніўні 1944 года знік без звестак.

 Два родныя браты нашай  зямлячкі таксама былі ў ліку тых, хто змагаўся з ворагам. Фёдар Кацар загінуў у 1943 годзе на Заходнім фронце. Міхаіл Кацар, вядомы беларускі этнограф, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, чалавек, які сыграў ключавую роль у гісторыі з’яўлення арнаменту на дзяржаўнай сімволіцы, таксама змагаўся за свабоду і незалежнасць сваёй радзімы. Удзельнічаючы ў цяжкіх баях пад Масквой у лістападзе 1941 года палітрук 525-га процітанкавага палка Кацар атрымаў цяжкае раненне. Амаль год ён правёў у шпіталі ў гора­дзе Ош Кіргізскай ССР. На фронт больш не вярнуўся. Пасля вызвалення Мінска ў складзе спецыяльнай камісіі па раследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўліку нанесенай імі шкоды на тэрыторыі БССР ён удзельнічаў у раскопках масавых пахаванняў, у тым ліку ў сумна вядомым Трасцянцы, фіксаваў маштабы разбурэння архітэктурных помнікаў.

 Згадвае ў сваім звароце ў рэдакцыю Дзіна Кацар і пра свайго бацьку Пракопа Пашкевіча. Калі пачалася вайна, яму было чатырнаццаць гадоў. Ён быў поўны нянавісці да фашыстаў. Хацеў быць карысным у барацьбе з ворагам. Анойчы са сваім сябрам Вікенцікам (прозвішча не вядома) яны ўздумалі ўзарваць мост, які праходзіў праз раку недалёка ад вёскі Прыветак. Хтосьці гэтую інфармацыю данёс паліцаям.

М.Кацар

Маладых людзей схапілі, прыгаварылі да расстрэлу. Вікенціка забілі. Пракопа Пашкевіча выратаваў выпадак. У гэты час адзін з паліцаяў паклікаў на дапамогу свайго напарніка, які прыводзіў прысуд у сілу, каб той дапамог адабраць курыцу ў гаспадыні ў суседнім двары. Калі той зазбіраўся на дапамогу, Пракоп кінуўся на ўцёкі. У 1967 годзе лёс іх звёў у Смалявіцкім раёне, куды пераехалі Пашкевічы пасля вайны. Жаданне наказаць здрадніка, адпомсціць за смерць Вікенціка, прымусіла Пракопа звярнуцца ў адпаведныя органы, дзе і расказаў ён пра падзеі мінулых гадоў, на што пачуў у адказ: «Ён сваё адседзеў».

 Матрона Маркевіч пакоіцца на могілках у вёсцы Касцелішчы. Тут жа знаходзіцца і магіла дзядзі Дзіны Пракопаўны па бацькоўскай лініі Ягора Пашкевіча. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў вадзіцелем паўтаратонкі, падвозіў на перадавую боепрыпасы. Пасля вайны працаваў на ка­рысць радзімы, быў брыга­дзірам калгаса, потым старшынёй. Памёр у 1987 годзе.

 Дзіна Кацар часта бывае на Сенненшчыне. Нашчадкі Матроны Маркевіч знаходзяць час, каб ушанаваць памяць сваіх продкаў, прыязджаюць на могілкі ў в.Касцелішчы. Даглядаць за пахаваннямі дапамагаюць старшыня Багданаўскага сельвыканкама Уладзімір Касьянаў, а таксама вучні першай гарадской школы на чале з дырэктарам установы адукацыі Аляксандрам Ладыжыным. «Тут заўсёды прыбрана, усё добраўпарадкавана, за што вялікі дзякуй», — ад шчырага сэрца словы падзякі на старонках «ГС» сенненцам перадае Дзіна Кацар.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота прадастаўлена Дзінай Кацар.