В торжественной обстановке Олеся и Александр Прокоповичи, жители Сенно, получили свидетельство о рождении сына

У зале ўрачыстых абрадаў аддзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама Алеся і Аляксандр Пракаповічы, жыхары райцэнтра, атрымалі пасведчанне аб нараджэнні сына Макара.

На прапанову Ірыны Мілеўскай, начальніка аддзела, унесці ў дзень атрымання першага дакумента дзіцяці ноткі радасці і вяселля, сужэнцы згадзіліся, не раздумваючы. І на гэта была прычына: Макар – трэцяе дзіця ў сям’і. “Нараджэнне немаўляці – для нас свята, — не хавае Алеся. — Адзінаццацігадовая Ліза і дзевяцігадовы Кірыл з’яўленню малыша бязмежна рады”. Яны, дарэчы, сёння першыя памочнікі ў маці. Аднак, нягледзячы на тое, што ў мужа Аляксандра на працы шмат абавязкаў: ён старшы інспектар-дзяжурны Сенненскага РАУС, галава сямейства знаходзіць час на родных людзей. Алеся ж да выхаду ў водпуск па доглядзе за дзіцяці працавала метадыстам у Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі.

Мець вялікую сям’ю не толькі адказнасць, але і вялікая штодзённая праца. Гэта добра разумеюць Пракаповічы і ні кроплі не баяцца свайго новага статусу і абавязацельстваў. Наадварот, як прызналася Алеся, для яе гэта сапраўднае шчасце. Дзяўчына, якая расла адна ў сям’і, заўсёды марыла аб тым, што ў яе будзе шмат дзяцей, якім ніколі не прыдзецца сумаваць. Мара збылася. Сённяшні галоўны арыенцір у сужэнцаў – выхаваць сваіх дзяцей дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

 Пракаповічы з кагорты тых людзей, якія мэтанакіравана ідуць уперад. У іх вялікі ўтульны дом, літаральна на ўлонні возера Сенненскае. Набылі яны яго самі, зрабілі тут рамонт, падвялі камунікацыі. На прысядзібным участку вырошчваюць бульбу, маюць цяпліцу.

Для Алесі, якая вырасла ў Оршы, жыццё ў Сянне, у невялікім раённым цэнтры, не бачыцца сумным. Гэтак жа думае і Аляксандр. Жаданне жыць, напаўняючы свае будні толькі пазітыўнымі эмоцыямі, штурхаюць Пракаповічаў адкрываць для сябе штосьці новае. Як падзяліліся сужэнцы, у іх планах, як крыху падрасце Макар, набыць кожнаму члену сям’і па веласіпеду, каб здзяйсняць велапрагулкі па Сенненшчыне.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.